МІНСК, 30 сак - Sputnik. МАК і ўрад Японіі прызначылі дату перанесеных Алімпійскіх гульняў у Токіа. Спаборніцтвы пачнуцца 23 ліпеня 2021, паведамляе NHK World-Japan.
Пры гэтым Паралімпійскія гульні адкрыюцца 24 жніўня таго ж года.
Рашэнне аб пераносе Алімпійскіх гульняў-2020 у Токіа было прынята з-за пандэміі каронавіруса.
З новай датай спаборніцтваў пагадзіліся Міжнародны алімпійскі камітэт, урад Японіі, Арганізацыйны камітэт такійскіх гульняў і астатнія арганізацыі.
Алімпійскі агонь застанецца ў Японіі, парадкавы нумар гульняў застанецца без змен.
Гульні-2020 былі апошнім буйным спартыўным форумам, не адмененым ці не прыпыненым з-за пандэміі COVID-19. МАК да апошняга разлічваў, што сітуацыя з распаўсюдам і захворваннем на новы тып каронавіруса палепшыцца і мерапрыемства пройдзе ў тэрмін.