МІНСК, 1 кра - Sputnik. Саўмін Беларусі рэкамендаваў павышаць цэны на тавары і паслугі не больш, чым на 0,5% у месяц, пра гэта гаворыцца ў адпаведнай пастанове №184 ад 30 сакавіка, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Пастанова "Аб часовых мерах па стабілізацыі сітуацыі на спажывецкім рынку" была прынята, каб не дапусціць бескантрольны рост коштаў і забяспечыць спажыўцоў усімі неабходнымі таварамі ў няпростай сітуацыі. Згодна з дакументам, міністэрствы і дзяржаўныя органы павінны не дапусціць рост адпускных цэнаў на тавары і паслугі падведамных ім арганізацый больш, чым на 0,5% штомесяц, таксама яны павінны забяспечыць пастаўкі прадукцыі, якая вырабляецца ў рознічную гандлёвую сетку на ўнутраным рынку. Перавышаць усталяваную мяжу не рэкамендуюць таксама юрыдычным асобам ўсіх формаў уласнасці і індывідуальным прадпрымальнікам.
Павысіць кошты больш, чым на паўпрацэнта можна будзе толькі па ўзгадненні з Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце міністраў.
Кантраляваць выкананне пастановы ўрада будзе МАРГ і выканкамы.
"Невыкананне асартыментнага пераліку тавараў, перавышэнне рознічных цэн на тавары ў параўнанні з цэнамі, якія дзейнічалі на 1 красавіка 2020 года (без уліку зніжэння коштаў на час правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на прасоўванне тавараў і прыцягненне пакупнікоў), лічыцца грубым парушэннем правілаў гандлю, якія выклікаюць наступствы ў адпаведнасці з заканадаўствам. Парушэнне антыманапольнага заканадаўства, заканадаўства аб цэнаўтварэнні і гандлі прадугледжвае крымінальную, адміністрацыйную і іншую адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі", - падкрэслілі ў прэс-службе Саўміна.
Дакумент уступае ў сілу з сённяшняга дня. Ён будзе дзейнічаць да 30 чэрвеня бягучага года.