МІНСК, 2 кра - Sputnik. Кітай накіруе ў Беларусь спецыялістаў для супрацьстаяння распаўсюджванню каронавіруса новага тыпу, паведаміла Міністэрства аховы здароўя рэспублікі.
Раней у сераду 1 красавіка ў Беларусь прыбыў самалёт, які даставіў з КНР партыю гуманітарнай дапамогі - тэстаў на COVID-19, ахоўных касцюмаў, інфрачырвоных тэрмометраў, ахоўных акуляраў, аднаразовых пальчатак і бахілаў. Груз у Мінску сустракалі намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк, намеснік кіраўніка МЗС Андрэй Дапкюнас, а таксама пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін.
"Урад Кітая плануе накіраваць у Беларусь групу медыцынскіх экспертаў - для абмену вопытам і кансультацый", - сказалі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Там таксама адзначылі, што кітайскае пасольства ў Мінску збіраецца купіць для рэспублікі дзесяць тысяч тэст-сістэм з рэагентамі для выяўлення каронавіруса, маскі і іншыя медыцынскія матэрыялы.
Як раней паведамляў Sputnik, у сакавіку Беларусь адправіла ў КНР па распараджэнні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі два самалёты з дапамогай - беларускімі вырабамі медыцынскага прызначэння.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апошнія два дні не называе дакладную колькасць інфіцыраваных каронавірусам у рэспубліцы. Апошнія такія дадзеныя былі за панядзелак - 152, у наступных рэлізах Міністэрства аховы здароўя паведамляе не ўсю інфармацыю. У сераду 1 красавіка стала вядома, што ў краіне COVID-19 быў выяўлены ў апошняй "чыстай" вобласці - Брэсцкай.