Беларускія каталікі сустрэлі Вялікдзень сёння ў рэжыме анлайн. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з-за пандэміі каронавіруса заклікаў вернікаў заставацца на Вялікдзень дома. Многія прыслухаліся да рады, таму на велікодных службах у каталіцкіх храмах Беларусі прысутнічалі нешматлікія вернікі.
Раней кіраўніцтва РКЦ у Беларусі прыняло рашэнне, што ўсе службы на Страсным тыдні, а таксама на Вялікдзень будзе ў рэжыме онлайн весці Белтэлерадыёкампанія. Акрамя таго, на Вялікдзень некаторыя касцёлы таксама будуць весці стрым-трансляцыю святочных набажэнстваў.
Свята сёння адзначаюць і праваслаўныя вернікі - Вербніцу. У галоўны праваслаўны храм Беларусі - Свята-Духаў кафедральны сабор - прыйшлі сёння дзесяткі чалавек. Нягледзячы на тое, што святары рэкамендавалі вернікам, якія не ўпэўнены ў сваім самаадчуванні, заставацца дома, на ранішняй літургіі храм быў амаль поўны народа, хоць вернікаў было не так шмат, як да пандэміі каронавіруса. Святары акраплялі вербы святой вадой на пляцоўцы перад храмам.
Заўтра ў праваслаўных пачынаецца Страсная сядміца, а 19 красавіка адзначаецца Вялікдзень.