МІНСК, 14 кра - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, адпаведныя дакументы апублікаваныя ў аўторак на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам Мінск і Брусель падпісалі ў пачатку студзеня бягучага года. Дэпутаты беларускага парламента ратыфікавалі гэтыя дакументы на адкрыцці вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў у пачатку красавіка. Паколькі гэта міжнародныя дамовы, іх прынялі ў першым чытанні.
Законы аб ратыфікацыі пагадненняў ад 9 красавіка падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Гэта яшчэ не значыць, што візы адразу ж патаннеюць. Каб гэта адбылося, трэба, каб гэтыя пагадненні зацвердзіў Еўрапарламент, пасля чаго Савет ЕС зможа афіцыйна завяршыць іх ратыфікацыю. У сакавіку кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель паведамляў, што працэс ратыфікацыі пагадненняў у Еўрапарламенце ў самым разгары. Адзін з камітэтаў, якія займаюцца гэтым пытаннем, завяршыў працу, яшчэ некалькі працягваюць праводзіць усе неабходныя працэдуры.
Візавае пагадненне прадугледжвае, што кошт "шэнгена" для беларусаў знізіцца да 35 еўра, а атрымаць шматразовыя візы стане прасцей. Акрамя таго, для некаторых катэгорый грамадзян прадугледжана бясплатная выдача візы. Пагадненне аб рэадміссіі прадугледжвае згоду аднаго з бакоў на прыём назад на сваю тэрыторыю уласных грамадзян і грамадзян трэціх краін, якія не адпавядаюць альбо перасталі адпавядаць крытэрам легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго.
Калі ўсё пойдзе па плане, візавае пагадненне можа пачаць дзейнічаць з 1 чэрвеня.
Чытайце таксама:
- Польшча ўвяла бясплатныя візы для беларусаў, якія малодшыя за 25 гадоў
- ЕС разлічвае на хуткую ратыфікацыю візавага пагаднення з Беларуссю
- ЗША абмежавалі выдачу віз грамадзянам шасці краін, беларусаў гэта не закране