МІНСК, 17 кра - Sputnik. Станоўчы вынік на каронавірус атрыманы ў ваеннаслужачага з 72-га Аб'яднанага навучальнага цэнтра ў Пячах, паведаміла Sputnik афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Наталля Гаўрусік.
Паводле яе слоў, салдат у дадзены момант шпіталізаваны ў Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр у Мінску.
"У яго была ўзятая проба на каронавірус, і вось толькі што мы атрымалі вынік: ён станоўчы", - распавяла Гаўрусік.
Яна таксама дадала, што ўсё абсталяванне і сродкі для лячэння вайскоўца ў медыкаў ваеннага шпіталя ёсць, а падраздзяленне, у якім служыць салдат, у дадзены момант ізалявана ў намётавым гарадку на палігоне.
У Мінабароны звярнулі асаблівую ўвагу, што некалькі тыдняў таму ў рамках трэніроўкі, якая праводзілася на выпадак пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі, такі гарадок быў абсталяваны на агульнавайсковым палігоне побач з навучальным цэнтрам.
"Гэта свайго роду раён ізаляцыі з усім неабходным. Вайскоўцы знаходзяцца там. Эпідэміялагічная сітуацыя ў навучальным цэнтры пад кантролем", - рэзюмавала прадстаўнік Мінабароны.
Выяўленых носьбітаў каронавіруса ў Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных Міністэрства аховы здароўя, стала больш. На раніцу чацвярга іх было 4204 чалавекі. Такім чынам, колькасць выпадкаў за суткі вырасла на 476 чалавек.