МІНСК, 20 кра - Sputnik. "Славкалій", які ўваходзіць у групу "Сафмар" Міхаіла Гуцырыева, працягвае будаваць шахты на Нежынскім горна-абагачальным камбінаце пад Любанню, паведамілі ў прэс-службе кампаніі.
Ствалы шахтаў узводзяцца без выбуховых работ пры дапамозе адмысловых механізаваных комплексаў "Ульяна" і "Вольга", якія былі зроблены ў Германіі спецыяльна для гэтага праекта.
"Дзяўчаты" дасягнулі ўжо глыбіні на адзнацы 567 метраў, дзе і "сустрэлі" першы пласт каменнай солі", - адзначылі ў прэс-службе "Славкалій".
На Нежынскім ГОК праходчыя комплексы развілі хуткасць да 5,3 метраў у суткі, праца вядзецца на Старобінскім радовішчы калійных соляў.
Дадзены інвестыцыйны праект прадугледжвае будаўніцтва горназдабыўнога комплексу, дзе будзе выпускацца да двух мільёнаў тон хларыду калію ў год.
Пры гэтым уся прадукцыя будзе рэалізоўвацца праз Беларускую калійную кампанію, што было часткай інвестыцыйнага пагаднення паміж беларускімі ўладамі і расійскім бізнесменам.