Май Данцыг з'яўляецца народным мастаком не толькі па званні, але і па сваёй сутнасці. Адзін з самых вядомых майстроў свайго часу, ён пакінуў вялізныя, амаль манументальныя палотны, вядомыя шырокаму колу грамадскасці. У свой час творы Мая Данцыга нават друкаваліся ў школьных падручніках, таму справядліва будзе сказаць, што не адно пакаленне беларусаў вырасла на яго творах.
Май Данцыг лічыцца адным з пачынальнікаў рэалізму, які знайшоў увасабленне не толькі ў савецкім, але і ў сусветным мастацтве. Добра вядомыя імёны іншых прадстаўнікоў гэтага стылю, такіх як Віктар Іваноў, Мікалай Андронаў, Міхаіл Савіцкі, але Май Данцыг, бадай, прыклаў найвялікшыя намаганні для папулярызацыі і пашэрэння гэтага стылю на савецкай і постсавецкай прасторы.
Найбольш часта на палотнах Данцыга паўстае вайна, але мноства карцін прысвечаны мірным тэмам, у тым ліку роднаму Мінску, і найбольш вядомая з іх - "Мой горад стары, малады".
У адным са сваіх інтэрв'ю мастак падкрэсліваў, што ў творчасці ніколі не здраджваў сваім прынцыпам, не пісаў партрэты правадыроў. Героі яго карцін – звычайныя людзі, на палотнах знайшлі ўвасабленне іх жыцці і лёсы. Па сцвярджэнні Мая Данцыга, мастацтва павінна быць актыўным, і гэта выразна прасочваецца ў яго яркай, выразнай, экспрэсіўнай манеры.
Біяграфічная даведка
Май Вольфавіч Данцыг нарадзіўся 27 красавіка 1930 года ў Мінску. Скончыў у 1952 годзе Мінскае мастацкае вучылішча, у 1958 годзе - Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. Званне народнага Май Данцыг атрымаў у 1995 годзе, а ў 2005-м быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Да сваіх апошніх дзён Май Данцыг выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яго творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, у Музеі ВАВ у Мінску, музейных калекцыях Расіі, Галандыі, Германіі, Бельгіі, Італіі, ЗША і іншых краін. Пайшоў з жыцця мастак 26 сакавіка 2017 года.