МІНСК, 11 мая - Sputnik. З расійскім бокам праводзіцца работа па карэкціроўцы ўмоў крэдытнага пагаднення, расказаў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, перадае карэспандэнт Sputnik.
Адказваючы на пытанне пра тое, ці перагледжаны ўмовы на расійскі крэдыт для будаўніцтва АЭС, намміністра сказаў, што частка інфармацыі знаходзіцца пад грыфам "для службовага карыстання".
"У сувязі са зрушэннем тэрмінаў уводу першага і другога энергаблока з расійскім бокам праводзіцца работа па карэкціроўцы ўмоў крэдытнага пагаднення", - адзначыў Міхаіл Міхадзюк.
Паводле яго слоў, карэкціроўка ўключае ў сябе тэрміны выбаркі беларускім бокам крэдытных рэсурсаў і зрушэнне тэрмінаў пагашэння. Перамовы закранаюць і памер працэнтнай стаўкі для Беларусі.
"Разуменне з расійскага боку ёсць, але дакументы яшчэ не падпісаныя. Яны знаходзяцца ў стадыі канчатковага ўзгаднення і праходжання ўнутрыдзяржаўных працэдур з аднаго і другога боку", - удакладніў намеснік міністра энергетыкі.
Міхаіл Міхадзюк дадаў, што фінансаванне будаўніцтва атамнай электрастанцыі ажыццяўляецца ў планавым парадку без якіх-небудзь абмежаванняў і затрымак.
Умовы крэдыту на будаўніцтва АЭС
Пагадненне аб прадастаўленні расійскага крэдыту для будаўніцтва АЭС прадугледжвае вылучэнне 10 мільярдаў долараў. Пры гэтым 90% прызначана на будаўніцтва па кантракце і яшчэ 10% ад кошту работ фінансуе беларускі бок самастойна.
Пагашэнне крэдыту павінна пачацца праз шэсць месяцаў пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю, але не пазней за 1 красавіка 2021 года. Зварот грошай прадугледжаны 30 роўнымі долямі кожныя шэсць месяцаў. На 50% сумы налічваюцца працэнты па стаўцы 5,23% гадавых. На астатнія 50% налічваюцца працэнты па стаўцы LIBOR для шасцімесячных дэпазітаў у доларах, павялічанай на маржу ў памеры 1,83% гадавых.