МІНСК, 14 мая - Sputnik. Еўрапейскі парламент (ЕП) ухваліў у сераду пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.
За пагадненне прагаласавалі 634 еўрадэпутаты, супраць выступілі ўсяго 48 чалавек, яшчэ чацвёра парламентарыяў устрымаліся.
Анлайн-галасаванне адбылося ў сераду ў ходзе пленарнай сесіі Еўрапарламента, якая прайшла ў Бруселі.
Падпісаныя Мінскам і Брусэлем дакументы зараз павінен афіцыйна зацвердзіць Савет ЕС. Пасля гэтага бакі паведамляюць адзiн аднаму аб завяршэнні працэдур ратыфікацыі. Пагадненні ўступяць у сілу адначасова ў першы дзень другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі нотамі.
Калі бакам удасца завяршыць усе неабходныя працэдуры на працягу мая, то дакумент здабудзе юрыдычную сілу з 1 ліпеня бягучага года.
У чым сутнасць дакумента?
Пагадненне Беларусі і ЕС аб палягчэнні выдачы віз прадугледжвае памяншэнне іх кошту да 35 еўра і павелічэнне тэрміну знаходжання ў два разы - да 180 дзён у годзе. Пры гэтым чакаецца, што з уступленнем дакумента ў сілу краіны ЕС стануць выдаваць грамадзянам Беларусі больш доўгатэрміновых віз.
Мінск і Брусель падпісалі візавае пагадненне ў студзені бягучага года. Праца над пакетам дадзеных дакументаў доўжылася з 2014 года. Беларускі парламент ратыфікаваў пагадненне ў пачатку красавіка - у прыярытэтным парадку.