МІНСК, 19 мая - Sputnik. Пасяджэнне Цэнтрвыбаркама Беларусі па рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты прайшло у аўторак, паведамляе Sputnik.
Прэтэндэнты ў прэзідэнты Беларусі павінны былі не пазней за вечар пятніцы падаць у ЦВК заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Частку заявак, якія паступілі да мінулага чацвярга, у выбаркаме ўжо разгледзелі - былі зарэгістраваны першыя групы, таксама былі і першыя адмовы.
На пасяджэнні ў аўторак ЦВК разгледзела 23 пытанні. Яшчэ 15 заяў будуць разгледжаны ў сераду.
Першыя тры пытанні тычыліся рэгістрацыі груп Алены Ашыхмінай, Наталлі Кісель і Жанны Раманоўскай. Ва ўсіх былі выяўленыя парушэнні ў дакументах, з-за чаго ЦВК быў вымушаны адмовіць заяўнікам.
"Такіх не ведаю"
Запар Цэнтрвыбаркам разгледзеў сёння рэгістрацыю прэтэндэнтаў, якія планавалі вылучацца разам з апазіцыйным палітыкам Мікалаем Статкевічам - так званых "кандыдатаў пратэсту". Як і на папярэднім пасяджэнні, у выніку праверкі пададзеных імі дакументаў былі выяўлены парушэнні: у прыватнасці, многія са спісу ініцыятыўных груп нават не ведалі пра тых, каго яны "падтрымліваюць".
"Казалі: я не ведаю такога, я ведаю Статкевіча Мікалая Віктаравіча", - распавяла аб частым адказе грамадзян у ходзе абтэлефаноўкі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.
Кіраўнік Цэнтрвыбаркама адзначыла, што ва ўсіх такіх прэтэндэнтаў ёсць праблемы з фарміраваннем ініцыятыўных груп.
"Згоду (на ўступленне ў ініцыятыўную групу - Sputnik) можна атрымаць і на аўтавакзале, галоўнае - каб чалавек ведаў, каго ён будзе падтрымліваць", - патлумачыла Ярмошына.
ЦВК ужо адмовіў шэрагу такіх прэтэндэнтаў, сярод якіх Мікалай Кудравец, Пётр Карабанаў, Тамара Патоцкая, Мікалай Салянік, Уладзімір Неўмяржыцкі.
"Заўтра запрошаны адэкватныя людзі"
Адмову ў рэгістрацыі атрымала і жонка Статкевіча - Марына Адамовіч, таксама з-за парушэнняў у спісе сяброў ініцыятыўнай групы.
Як выказалася пасля разгляду заявы Адамовіч кіраўнік ЦВК, гэтая група заяўнікаў "прымала ўсе меры, каб укінуць у калапс працу камісіі". Тэхналогія, па словах Ярмошынай, маніпуляцыі у ўсёй групы заяўнікаў аднолькавая.
"Заўтра, на шчасце, запрошаны адэкватныя людзі", - сказала яна.
Распавяла кіраўнік ЦВК і пра тое, што ў аднаго з "кандыдатаў пратэсту" выяўлены каронавірус - пры гэтым чалавек прыходзіў у прыёмную, па здагадцы Ярмошынай, адмыслова. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама не выключыла, што зроблена гэта для таго, каб паралізаваць працу камісіі, у якой, уключаючы саму Ярмошыну, працуе ўсяго дзевяць чалавек.
"Ёй хацелася плюнуць у маю прыёмную, каб ужо заразіць назаўсёды", - канстатавала яна.
Адмоўлена завочна
Астатнім прэтэндэнтам адмовілі "завочна": яны не з'явіліся на пасяджэнне. Гэта Рэгіна Беркус, Аляксандр Якушкаў, Алена Давыдава, Аляксей Зуевіч, Аляксандр Школьнікаў. Адмовілі і самому Статкевічу - за непагашаную судзімасць.
Таксама адмовілі Уладзіміру Кійко, Юрыю Новікаву, Юрыю Чудзіновічу, Сяргею Статкевічу, Віктару Шорцу, Юрыю Касачову, Аляксандру Абрамовічу, Наталлі Стрэльчанка.
У цэлым пасяджэнне Цэнтрвыбаркама сёння працягвалася дзве гадзіны. Завершыцца рэгістрацыя ініцыятыўных груп у сераду, пачатак чарговага пасяджэння таксама запланаваны на 11:00. Sputnik будзе весці тэкставую анлайн-трансляцыю сустрэчы.