МІНСК, 25 мая - Sputnik. Новыя радовішчы нафты адкрыты ў Беларусі - Ізбыньскае і Паўночна-Амелькоўшчынскае, яны знаходзяцца ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці, распавялі ў прэс-службе кампаніі "Беларуснафта".
"Па папярэдніх падліках іх запасы складаюць больш за 2,5 мільёны тон", - адзначылі ў кампаніі.
На Ізбыньскім радовішчы нафту выявілі на глыбіні больш за чатыры тысячы метраў. У суткі на ім здабываюць 150 тон чорнага золата. Лабараторныя даследаванні паказалі, што ў гэтай нафты выдатныя тэхналагічныя характарыстыкі: яна лёгкая, маласерністая, малавязкая, мае высокі выхад светлых фракцый.
На другім радовішчы прыток нафты склаў 50 тон у суткі. Пробы вуглевадародаў зараз даследуюць беларускія навукоўцы з профільнага інстытута.
"Каб ацаніць патэнцыял новых радовішчаў, у бліжэйшыя гады тут працягнуцца пошукава-разведачныя работы", - запэўнілі ў кампаніі "Беларуснафта".
Пры гэтым дадалі, што ў мінулым годзе перад беларускімі нафтавікамі была пастаўлена задача здабыць 1,69 мільёна тон нафты, з якой яны паспяхова справіліся. У бягучым годзе ім трэба будзе выпампаваць 1,71 мільёна тон стратэгічнай сыравіны.