МІНСК, 27 мая - Sputnik. Шляхі руху транзітных перавозчыкаў па тэрыторыі Беларусі будуць адсочваць з дапамогай навігацыйных пломбаў, адпаведную пастанову ўрада апублікавана ў сераду на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Такое рашэнне было прынята з мэтай прыняцця дадатковых мер па папярэджанні завозу і распаўсюджвання ў краіне COVID-19. Навігацыйныя пломбы будуць усталёўваць на грузавых адсеках фур транспартных кампаній, работнікі якіх ужо парушалі рэжым транзітных перавозак, усталяваны ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй. З іх дапамогай будуць адсочваць маршруты транзітных перавозчыкаў і захаванне імі патрабаванняў пастановы Саўміна "Аб мерах па прадухіленні завозу і распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каронавірусам COVID-19".
Усталёўваць навігацыйныя пломбы на грузавікі будуць час перасячэння перавозчыкам беларускай мяжы. Гэта даверана мытнікам ці нацыянальнаму аператару сістэмы адсочвання. Здымаць прылады будуць пры выездзе з тэрыторыі Беларусі.
Пры гэтым мытнікі змогуць часова прыбіраць навігацыйныя пломбы, а потым зноў ўсталёўваць іх у выпадку, калі трэба правесці агляд фуры. Звесткі пра гэта будуць уносіцца ў базу дадзеных. Уся інфармацыя аб рухах грузаперавозчыка будзе захоўвацца на працягу двух месяцаў.
Паслуга па ўстаноўцы навігацыйных пломбаў будзе платнай. За адзін аўтамабіль транспартным кампаніям прыйдзецца заплаціць тры базавыя велічыні (81 рубель). Пры гэтым кошт можа змяніцца з 15 чэрвеня, калі аператар сістэмы палічыць, што выдаткі па прадастаўленні паслугі не пакрываюцца цалкам.
Дакумент уступіць у сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання і будзе дзейнічаць да 30 верасня бягучага года.