Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты ў Беларусі пачаўся 21 мая. Людзі па некалькі гадзін стаяць у чарзе, каб пакінуць свой подпіс.
Зборшчыкі подпісаў у гэтую кампанію "ўзброеныя" не толькі спецыяльным пасведчаннем і падпіснымі лістамі, але таксама сродкамі індывідуальнай абароны - маскамі і пальчаткамі. У масках прыходзіць і вялікая частка грамадзян.
Збор подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня ўключна. Не пазней за 20 чэрвеня ініцыятыўныя групы павінны будуць здаць падпісныя лісты для праверкі. А ў ліпені, калі ў прэтэндэнта будзе больш за 100 тысяч сапраўдных подпісаў і будуць выкананы іншыя патрабаванні заканадаўства, ён будзе зарэгістраваны кандыдатам.
Падпісацца можна за любую колькасць патэнцыйных кандыдатаў. За каго з іх галасаваць, грамадзяне будуць вырашаць падчас выбараў 9 жніўня.