Вёска Лобча ў Лунінецкім раёне – адно з нешматлікіх паселішчаў, дзе яшчэ падтрымліваецца традыцыя "Ваджэння Кусты". Не адмянілі шэсце і сёлета, хоць з прычыны пандэміі старажытны абрад правялі ў скарочаным фармаце.
На другі дзень свята Тройцы карэспандэнт Sputnik Арцём Кір’янаў разам з фотакарэспандэнтам Альфрэдам Мікусам адправіўся ў палескае сяло, каб побач з вяскоўцамі прайсці святочны шлях і даведацца ад старажылаў, як вадзілі Кусту раней.
Гонар быць Кустай
Падрыхтоўка да "Ваджэння Кусты" пачынаецца ў Лобчанскім доме культуры з раніцы. Як і ў папярэднія гады, тут збіраецца з дзясятак мясцовых жанчын. Яны пераапранаюцца ў народныя строі, завязваюць хусткі, гартаюць тэксты традыцыйных песень.
"Дэ тут пэрэд, а дэ зад?", – па-паляшуцку пытаецца адна з удзельніц абраду, якая заблыталася ў спадніцы. "Як наложыш, там і пэрэд", – жартуюць яе сяброўкі.
Кіраўніца народнага фальклорнага калектыву Святлана Мелюх тлумачыць, "Ваджэнне Кусты" – справа выключна жаночая. Мужчын запрашаюць толькі ў якасці музыкаў.
"У цэнтры шэсця ідзе незамужняя дзяўчына родам з Лобчы. Яе вядуць сяброўкі, а іх суправаджае "жаноцкае войска", як гаворыцца ў песні". Гэта значыць старэйшыя жанчыны і бабулі. Мужыкі, можа, і хацелі б удзельнічаць, але іх ніколі на "Ваджэнне" не бралі, – дадае суразмоўніца.
Сёлета на Кусту выбралі 14-гадовую Настассю Слушнік. Менавіта яе хутка абвяжуць кляновым галлём з густым лісцем і павядуць па Лобчы ад хаты да хаты. Школьніца гаворыць, гэта вялікі гонар і радасць. Яна ведае: на галоўную "ролю" ў абрадзе спакон вякоў абіралі найпрыгажэйшую ў сяле дзяўчыну.
"Але, спадзяюся, вялікіх праблем з-за гэтага не будзе і знаёмыя не будуць занадта зайздросціць", – жартуе ўдзельніца шэсця, ужо ўбраная ў традыцыйны кляновы вянок.
Старажытны конкурс прыгажосці
Падобным чынам другі дзень свята Тройцы ў Лобчы адзначаюць з 1984 года. 36 год таму "Ваджэннем Кусты" занялася "Лабчанка". Але традыцыю ў вёсцы падтрымліваюць ужо не адно стагоддзе, гаворыць загадчыца мясцовага дома культуры Надзея Юрцэвіч. Нават старажылы прызнаюцца: не памятаюць, каб калісьці абраду ў вёсцы не было.
Каб захаваць аўтэнтычнасць традыцыі, ход "Ваджэння" старанна задакументавалі са слоў мясцовых носьбітаў. Тады ж запісалі і "кустовыя", "летнія" песні: "На другы дэнь Труйцы, на вэлыке свято", "Ой, да по сэлу, по сэлу Любэцкому", "Оддала мэнэ маты замуж" – і шмат іншых.
Суразмоўніца тлумачыць, што матыў вяселля ў спевах невыпадковы. Кустай павінна быць незамужняя дзяўчына, якая ў той год хацела пайсці замуж. Менавіта таму кляновае лісце на ёй адварочвалі да зямлі: кандыдатка сімвалізавала адарваную ад роду галінку.
"Гэта быў свайго кшталту конкурс прыгажосці, кастынг. Часта людзі ў вёсцы напярэдадні Тройцы самі пачыналі абмяркоўваць дзяўчын: хіба тая будзе Кустай, не, вось гэтая", – гаворыць Надзея Юрцэвіч.
Яшчэ адзін матыў "Ваджэння" – будучы ўраджай. Лічылася, што калі не прыняць Кусту на падворку ці яна сама абміне хату, жыта не ўродзіць. Дурным тонам было і не прымаць шэсце каля сваёй хаты.
"Хоць часам гурты самі не ішлі да таго ці іншага гаспадара. Міналі яго, бо ведалі, што бедна жыве. Казалі тады: яму самому няма чаго есці, што мы туды пойдзем? Тады некаторыя сяльчане злаваліся, бо важна было ім прыняць Кусту ў сябе", – гаворыць загадчыца дома культуры ў Лобчы.
Ад самага дзяцінства
Ева Васільеўна Якавец – старажыл Лобчы і носьбіт абраду. Жанчына ўзгадвае, што памятае "Ваджэнне Кусты" з ранняга дзяцінства. Тады яшчэ малой дзяўчынкай яна назірала, як маці з суседкамі па вуліцы рыхтуецца да свята Тройцы. Сёлета, на жаль, 68-гадовая сяльчанка ў шэсці не пойдзе з-за хваробы ног.
"Тоді всё старалыса в зэлёное ўкрасыты. Мы з дэвчінамы в канаві плашнык – так у нас аір называюць – збыралы. Самі прыходым мокрыі, а в хаті од того плашныка такій запах був!" – распавядае жанчына.
Пасля збіралі галінкі клёна, зёлкі і палявыя кветкі. З іх складалі невялічкія букеты, якія потым свяцілі ў царкве. Пасля вяртання з храма зеляніну падпальвалі і акурвалі ўсе памяшканні, у тым ліку хлеў са свойскай жывёлай. Букет пакідалі на покуці – лічылі, што ён уратуе хату ад буры і граду.
У першы дзень Тройцы ўся сям’я зазвычай збіралася дома. Кусту ж вадзілі толькі на другі дзень свята. Прычым, як узгадвае суразмоўніца, па вёсцы хадзілі некалькі груп жанчын. Калі з падрыхтоўкай зацягвалі, маглі ўвогуле ўпусціць шанец прайсці па сяле, бо ўсе хаты ўжо прынялі Кусту.
"Чулы, шчо дэсь там ужэ співаюць. Ага, Залужняны первыі за нас выйшлы, то пуйдэм на Островок. А там ужэ сосідка Катюша вывіла своіх. Тоді пуйдэм мы под Кальгу, это пряма уліца, тут вжэ мы находымся", – узгадвае Ева Васільеўна.
Заканчваўся абрад святочнай вячэрай. Для яе жанчыны выбіралі найбольшую на вуліцы хату. На стол ставілі ўсё, што атрымалі падчас ваджэння – каўбасы, слодычы. Спецыяльна гатавалі яешню – без яе "Ваджэнне" лічыцца неаўтэнтычным і сёння.
Перад вячэрай з Кусты здымалі галінкі, а яе вянок пакідалі на покуці. Тады казалі: "Дзякуй Богу, што погулялы да дождалы. Шчоб і на той год нам ходыты і Кусту водыты". Дарэчы, падчас вячэры таксама збірался толькі жанчыны. "Бабы самі гулялы, а мужыкі по домах сыдылы", – заўважае Ева Якавец.
Повязь пакаленняў
У нязменным выглядзе "Ваджэнне Кусты" адбываецца ў Лобчы да сёння.
Толькі з-за эпідэміі сёлета вырашылі на абыходзіць усю вёску, а колькасць удзельнікаў скараціць. Калі раней на шэсце выходзілі і дваццаць жыхароў, цяпер набралася крыху больш за дзесяць. Таксама вырашылі запрэгчы каня – так пажылым людзям прасцей перасоўвацца ў спякоту.
Надзея Юрцэвіч заўважае, што мясцовыя заўсёды добра прымаюць удзельнікаў "Ваджэння". На яе памяці не здаралася, каб хтосьці выгнаў ці адмовіўся прымаць гурт. Хлеб, каўбасы, сокі і квас, цукеркі, грошы, віно, даюць нават гарэлку – людзі дзеляцца ўсім, што маюць.
"А мы стараемся нашай моладзі традыцыю перадаць. Як нам старыя людзі перадалі сваю спадчыну, так і мы. Каб маладыя, калі састарацца, гэтаксама вадзілі Кусту па сяле", – заключае суразмоўніца агенцтва.