МІНСК, 18 чэр - Sputnik. Дзяржаўная карпарацыя "Расатам" завяршыла будаўнічыя работы на першым блоку Беларускай атамнай электрастанцыі, паведаміў гендырэктар кампаніі Аляксей Ліхачоў на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
Па словах кіраўніка Расатама, праект па будаўніцтву БелАЭС з'яўляецца для расійскай карпарацыі флагманскім.
"Чакаем зараз праверку Дзяржатамнагляду, беларускага рэгулятара, атрыманне ліцэнзіі на фізпуск (першага рэактара - Sputnik) чакаем у ліпені", - распавёў Ліхачоў.
У сераду таксама стала вядома, што другі энергаблок БелАЭС рыхтуюць да гідраўлічных выпрабаванняў. У ходзе дадзенага этапу з дапамогай хімічна абяссоленай вады прамываюць усё зманціраванае абсталяванне. Гэта робіцца, каб ачысціць яго ад механічных прымешак.
Раней паведамлялася, што цяпер ідзе падрыхтоўка да фізічнага пуску Беларускай АЭС. У прыватнасці, на пляцоўку першага энергаблока даставілі перасоўную дызель-генератарную станцыю.
Беларуская АЭС будуецца побач з горадам Астравец ў Гродзенскай вобласці. На двух энергаблоках будуць устаноўлены рэактары ВВЭР-1200 агульнай магутнасцю 2400 МВт. АЭС будуецца па расійскім праекце пакалення 3+, які цалкам адпавядае нормам МАГАТЭ па бяспецы. Увод другога энергаблока станцыі запланаваны на 2021 год.