МІНСК, 22 чэр - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае сур'ёзны эканамічны ціск на краіну, пра гэта ён заявіў у панядзелак падчас памятнага мерапрыемства ў Брэсце з нагоды гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Паводле яго слоў, няма ніякай катастрофы, але беларусы павінны абараняць тое, што маюць.
"Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я вас папярэджваў два-тры месяцы таму, што гэтая так званая пандэмія гэтым не скончыцца. Камусьці яна вельмі на руку. Хутка ўбачыце, каму. Хоць ужо і цяпер гэта бачым. Будзе ціск сур'ёзны, перш за ўсё эканамічны. Таму што ваяваць з намі ўжо небяспечна, а нахіліць трэба. Занадта незалежнымі сталі", - сказаў Лукашэнка.
Цана незалежнасці
Беларускі лідар адзначыў, што незалежнасці шмат не бывае. "Яна ці ёсць, ці яе няма. І я яшчэ год таму назад, выступаючы 3 ліпеня, папярэджваў, што незалежнасць вельмі дорага каштуе. Гэта самае каштоўнае, што можа быць у таго ці іншага народа або дзяржавы. Таму калі мы - народ, калі мы хочам мець сваю дзяржаву, сваю незалежнасць павінны абараніць", - падкрэсліў прэзідэнт.
Лукашэнка нагадаў, што паўсюль ёсць свае недахопы, у тым ліку і ў заходніх краінах, і ў ЗША. "Хто б мог падумаць, што Амерыка так успыхне, і дэмакратычныя СМІ сёння захлынуліся і змоўклі. Яны не паказваюць, што адбываецца.
Там у гарадах ужо ўвайшлі войскі і ўвялі каменданцкую гадзіну. Тое ж самае і ў Заходняй Еўропе. Пра гэта не прынята казаць. А ў нас яны нешта ўбачылі", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў беларусаў думаць цвяроза і не ўступаць ні з кім у бойку. "Мы павінны вырашыць усе мірна. І праз некаторы час мы ўбачым вынік. Адзінае, пра што вас папрашу: ніколі (буду я, не буду) не дазваляйце, каб вамі пануквалі, каб вас прымушалі і нахілялі. Прайшлі тыя часы. Мы паспелі ўмацавацца і стварыць сваю дзяржаву.
Галоўная задача - абараніць яе", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.