МІНСК, 8 ліп - Sputnik. Дэбаты па сітуацыі ў Беларусі запланаваныя ў Еўрапейскім парламенце на чацвер, сведчыць расклад сесіі ЕП.
З серады па пятніцу ў Брусэлі адбудзецца чарговая сесія Еўрапарламента.
Беларускае пытанне
Сярод пунктаў, якія плануюць абмяркоўваць еўрапарламентарыі - сітуацыя ў Беларусі. У чацвер па гэтай тэме дэпутаты правядуць дэбаты.
Перад дэбатамі з дакладам па міжнародных адносінах і сітуацыяй з правамі чалавека выступіць высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жозеп Борэль.
Акрамя Беларусі, еўрапарламентарыі плануюць абмяркоўваць і канфлікт паміж Турцыяй і Францыяй.
Жыццё пасля пандэміі
У цэлым жа галоўнай тэмай сесіі Еўрапарламента стане эканамічнае і сацыяльнае аднаўленне Еўрасаюза пасля пандэміі каронавіруса.
Асноўным дакладчыкам па тэме выступіць канцлер ФРГ Ангела Меркель.
Запланавана абмеркаванне і іншых тэм.
Чым занепакоеная Еўропа
Раней Еўрапарламент выказваў занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі перад выбарамі. Некалькі дэпутатаў падпісалі зварот з заклікам увесці ў дачыненні да афіцыйнага Мінска новыя санкцыі.
Затрыманні шэрагу палітыкаў і актывістаў таксама выклікалі занепакоенасць у Еўрапейскай камісіі. Выказваліся з заклікам адмовіцца ад жорсткіх мер супраць дэманстрантаў і ўдзельнікаў электаральнай кампаніі і спецдакладчыкі ААН.