МІНСК, 8 ліп - Sputnik. Першы пакет законапраектаў, накіраваных на рэалізацыю паправак у канстытуцыю аб абароне тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі, уносіцца на разгляд у ніжнюю палату расійскага парламента.
"Сёння ў Дзяржаўную Думу ўносіцца пакетны праект федэральнага закона "Аб унясенні змянення ў артыкул 1 Федэральнага закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы камітэта па дзяржбудаўніцтве і заканадаўству Дзярждумы.
Законапраект закліканы ўдакладніць тэрміналогію дзеючага закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці". Згодна з ім, парушэнне цэласнасці Расійскай Федэрацыі таксама адносіцца да экстрэмісцкай дзейнасці.
"Прапануецца дапоўніць абзац другi пункта 1 артыкула 1, паказаўшы, што экстрэмізмам прызнаецца парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Расійскай Федэрацыі, у тым ліку адчужэнне часткі яе тэрыторыі", - растлумачыў кіраўнік камітэта Павел Крашэннікаў.
Паводле яго слоў, тэрміналогія закона пасля ўнесеных паправак будзе прыведзена ў адпаведнасць з канстытуцыяй і дазволіць пазбегнуць двухсэнсоўнага або нявызначанага тлумачэння цэласнасці Расійскай Федэрацыі.
Законапраект аб адпаведных зменах у КК і КПК накіраваны ва ўрад і Вярхоўны Суд для атрымання водгукаў. Праект пра змены ў КоАП таксама накіраваны ва ўрад. Мяркуецца, што пасля атрымання водгукаў, праекты таксама будуць унесены ў Дзярждуму.
Штрафы і тэрміны
Папраўкі ў КоАП, у прыватнасці, прадугледжваюць пакаранне за заклікі супраць тэрытарыяльнай цэласнасці ў выглядзе штрафу аж да 300 тысяч расійскіх рублёў (больш за 10 тысяч беларускіх рублёў).
"Калі ж публічныя заклікі здзейсненыя ўпершыню, то асобе будзе пагражаць адміністрацыйная адказнасць. Пакаранне замацоўваецца ў выглядзе штрафу: для грамадзян - ад 30 да 60 тысяч рублёў (ад тысячы да двух тысяч беларускіх рублёў - Sputnik), для службовых асоб - ад 60 да 100 тысяч рублёў (ад двух тысяч да 3,4 тысяч беларускіх рублёў - Sputnik), для юрыдычных асоб - ад 200 да 300 тысяч рублёў (ад амаль 7 тысяч да 10 тысяч беларускіх рублёў - Sputnik)", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы камітэта.
Павышаныя памеры штрафаў будуць прымяняцца ў выпадках, калі для распаўсюджвання заклікаў выкарыстоўваліся СМІ, інтэрнэт або іншыя інфармацыйна-тэлекамунікацыйныя або электронныя сеткі, патлумачыў кіраўнік камітэта.
Паўторныя заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці РФ пацягнуць за сабой ужо крымінальную адказнасць і будуць прадугледжваць штрафы да 400 тысяч рублёў (амаль 14 тысяч беларускіх рублёў) альбо пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.
Акрамя таго, Крымінальны кодэкс РФ плануецца дапоўніць новым артыкулам з санкцыямі за парушэнне тэрытарыяльнай дзейнасці. Санкцыя па гэтым артыкуле будзе прадугледжваць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 6 да 10 гадоў.