МІНСК, 11 ліп - Sputnik. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №263 "Аб праекце міжнароднай дамовы", якім ухваліў унясенне змяненняў у міжурадавае пагадненне з Расіяй аб прадастаўленні ўраду Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва АЭС, дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
На падставе гэтага праекта пратакола ўрад Беларусі будзе весці перамовы з расійскім бокам.
Цяпер унутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для падпісання пратаколаў, завершаны з абодвух бакоў.
Гісторыя крэдыту
Раней паведамлялася, што Беларусь вядзе перамовы з расійскім бокам з нагоды змены ўмоваў крэдыту на будаўніцтва БелАЭС у Астраўцы. У першую чаргу, гэта звязана са зрушэннем тэрмінаў уводу першага і другога энергаблока станцыі.
Пытанне нават абмяркоўвалася на вышэйшым узроўні: прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін гаварылі па тэлефоне аб змене працэнтнай стаўкі па гэтым крэдыце. Пасля чаго расійскі бок не выключаў, што крэдыт будзе рэструктурызаваны.
Нагадаем, пагадненне аб прадастаўленні расійскага крэдыту для будаўніцтва АЭС прадугледжвае вылучэнне 10 мільярдаў долараў. Пры гэтым 90% прызначана на будаўніцтва па кантракце, яшчэ 10% ад кошту работ Беларусь фінансуе самастойна.
Згодна з дзеючымі умовамі, пагашэнне крэдыту павінна пачацца праз шэсць месяцаў пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю, але не пазней за 1 красавіка 2021 года. Зварот грошай прадугледжаны 30 роўнымі долямі кожныя шэсць месяцаў. На 50% сумы налічваюцца працэнты па стаўцы 5,23% гадавых. На астатнія 50% налічваюцца працэнты па стаўцы LIBOR для шасцімесячных дэпазітаў у доларах, павялічанай на маржу ў памеры 1,83% гадавых.