МІНСК, 16 ліп - Sputnik. Літва ўважліва назірае за выбарчай кампаніяй у Беларусі і заклікае правесці мірныя і свабодныя выбары, гаворыцца ў заяве літоўскага МЗС.
Балтыйская рэспубліка зрабіла ў чацвер заяву, у якой падкрэсліваецца занепакоенасць вакол перадвыбарнай гонкі ў Беларусі: адмовай у рэгістрацыі некаторых прэтэндэнтаў, "рэпрэсіямі супраць апазыцыйных палітыкаў, актывістаў, блогераў і прадстаўнікоў СМІ", а таксама затрыманнямі на акцыях пратэсту.
"Мы заклікаем кіраўніцтва Беларусі забяспечыць канкурэнтаздольнае перадвыбарчае асяроддзе, бяспечныя, свабодныя і добрасумленныя выбары, адпусціць усіх затрыманых і забяспечыць асноўныя свабоды і правы чалавека", - гаворыцца ў заяве.
Таксама ў МЗС Літвы заявілі, што "працяг палітычна абгрунтаваных рэпрэсій, магчымы рост колькасці новых палітычных зняволеных будуць мець наступствы для далейшых адносін Еўрапейскага саюза і Беларусі".
"Мірныя, свабодныя і добрасумленныя прэзідэнцкія выбары заахвоцілі б дэмакратычнае разьвіццё Беларусі, умацавалі б яе суверэнітэт і незалежнасць", - адзначылі ў МЗС Літвы.
Згадалі ў заяве аб выбарах і беларускую АЭС - сёння яна з'яўляецца галоўнай падставай для Літвы выказваць незадаволенасць Беларуссю, нягледзячы на пацверджанне бяспекі станцыі. Вільнюс просіць не ўводзіць станцыю ў эксплуатацыю.
У аўторак і сераду ў Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі. Так, у аўторак мінчане і жыхары шэрагу іншых гарадоў выйшлі на вуліцы для мірнага пратэсту, працягвалася мерапрыемства з сямі вечара і да 23:00, у час яго правядзення праваахоўнікі затрымалі 250 чалавек, цяпер распачата некалькі крымінальных спраў. У сераду з поўдня да вечара з'явілася чарга ў Цэнтрвыбаркам: людзі хацелі падаць скаргу на адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Пасля 19:00, калі ЦВК завяршыў працу, людзей, які сабраліся, адціснуў АМАП, таксама адбылося затрыманне некаторых удзельнікаў, у тым ліку і журналістаў.
Занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй у Беларусі ўжо выказвалі ў Еўрапарламенце, Еўракамісіі, Дзярждэпартаменце і ААН. У адказ на гэта МЗС Беларусі падкрэсліваў, што выбары праводзяцца для самой краіны і заклікаў не "дыктаваць ўмовы" і «не пагражаць санкцыямі".