МІНСК, 21 ліп - Sputnik. Авіякампанія "Белавія" падаўжае прыпыненне рэйсаў па некаторых напрамках, пра гэта паведамілі ў прэс-службе авіяперавозчыка.
Нагадаем, з-за пандэміі каронавіруса "Белавія" часова адмяніла палёты па многіх напрамках. Аднак у апошнія два месяцы рэйсы пачалі аднаўляць. Пры гэтым палёты ў некаторыя гарады Еўропы і СНД у бліжэйшы час па-ранейшаму ажыццяўляцца не будуць.
Прыпыненне палётаў працягнулі па 28 ліпеня ў Вільнюс, Рыгу і Талін. У гарады Расіі, Ташкент і Ларнаку нельга будзе паляцець да 1 жніўня. Палёты ў гарады Грузіі, Казахстана і ў Вену прыпыненыя па 15 жніўня, у Ашхабад - па 1 верасня.
Пры гэтым у Ташкент авіяперавозчык выканае разавы рэйс 28 ліпеня. З Мінска самалёт вылеціць 28 ліпеня ў 20:10 па беларускім часе і адправіцца зваротна з Ташкента 29 ліпеня ў 03:50 па мясцовым.
Вярнуць грошы ці змяніць дату вылету на адмененыя рэйсы пасажыры змогуць да 31 снежня бягучага года. Для гэтага трэба звярнуцца ў касы, прадстаўніцтва авіякампаніі, а таксама ў службу падтрымкі.