МІНСК, 22 ліп - Sputnik. Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Ганна Канапацкая і Сяргей Чарэчань выступілі ў сераду раніцай у эфіры дзяржаўнага радыё, прадстаўляючы свае перадвыбарчыя праграмы.
Па закону кожнаму кандыдату двойчы вылучаецца па паўгадзіны для выступлення ў эфіры дзяржаўнага радыё і тэлебачання. Першыя выступы кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі прайшлі 20 ліпеня.
Выступ Канапацкай
Свой выступ Ганна Канапацкая правяла на дзвюх дзяржаўных мовах: пачала на беларускай, пасля чаго яшчэ раз прадставіла сваю праграму на рускай. Яна падкрэсліла, што наступіў момант, калі беларусы павінны выбраць сваю будучыню, а таксама будучыня дзяцей і ўнукаў.
"Нам неабходна ў першую чаргу спыніць імклівае падзенне нашай краіны ў сацыяльную і эканамічную бездань. Трэба аднавіць тое, што страчана за чвэрць стагоддзя кіравання цяперашняй улады. Страшна, але мы страцілі больш за мільён нашых суграмадзян, апынуліся ў дэмаграфічнай яме, цалкам страцілі свой аўтарытэт у свеце і нават сярод суседзяў", - адзначыла яна.
Канапацкая раскрытыкавала цяперашні стан рэчаў у краіне, назваўшы прамысловасць адсталай, сельскую гаспадарку неэфектыўнай, а знешнія пазыкі велізарным. Яна лічыць, што трэба захаваць і вярнуць людзей, якія з'ехалі ў іншыя краіны, паколькі менавіта яны галоўнае багацце Беларусі.
"Мая праграма - Беларусь для людзей. Я зраблю. Праграма пабудавана на базавых прынцыпах дэмакратычнай еўрапейскай суверэннай сацыяльнай дзяржавы. Дзяржава для народа і для кожнага чалавека, які ў ёй жыве", - патлумачыла кандыдат у прэзідэнты.
Палітык нагадала, што сваю незалежнасць беларусы здабывалі і засцерагалі стагоддзямі. І цяпер яе трэба абараніць. Толькі нацыянальныя інтарэсы павінны быць асновамі знешняй палітыкі краіны.
"Беларусь з'яўляецца неад'емнай часткай еўрапейскай цывілізацыі, таму еўрапейскі шлях нашай краіны - гэта не пытанне геапалітычнага вагання паміж Масквой і Брусэлем, а ўсвядомлены і асэнсаваны ўдзел у еўрапейскіх структурах", - падкрэсліла Ганна Канапацкая.
Яна выступае за рэалізацыю закладзенага ў Канстытуцыі Беларусі імкнення да нейтралітэту і перагляд усiх мiжнародных дамоваў, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам краіны. Гэта тычыцца дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, удзелу ў АДКБ, знаходжання расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі.
Сярод прыярытэтных задач дзяржавы, на думку палітыка, - даць магчымасць кожнаму чалавеку зарабляць на годнае жыццё, стварыць новыя працоўныя месцы, рэфармаваць і мадэрнізаваць эканоміку, захаваць эфектыўныя прадпрыемствы, развіць тэхнічныя галіны, а таксама стварыць новыя сучасныя высокатэхналагічныя вытворчасці.
"Гэта тое, чым я займуся ў бліжэйшы час", - паабяцала Канапацкая.
Таксама ў якасці прэзідэнта яна плануе правесці сур'ёзныя змены ў сацыяльнай сферы сярод іх - узмацненне сацыяльнага забеспячэння мацярынства і дзяцінства, стварэнне праграм па стымуляванні нараджэння дзяцей, дапамога маладых сем'ям, забеспячэнне дадатковых сацыяльных гарантый сем'ям з дзецьмі, удасканаленне механізму атрымання мацярынскага капіталу. Акрамя таго, кандыдат у прэзідэнты прапануе знізіць ўзрост уступлення ў шлюб для жанчын да 17 гадоў са згоды бацькоў, павялічыць прызыўны ўзрост да 20 гадоў, прыраўняць фактычны шлюб да грамадзянскага, стварыць інстытут сурагатнага мацярынства і правесці пенсійную рэформу.
Канопацкая пералічыла і іншыя пункты сваёй перадвыбарчай праграмы.
"Я выступаю за бяскроўны, цывілізаваны, дэмакратычны пераход улады ў нашай краіне. Для гэтага я прапаную заканадаўча замацаваць абмежаванне адным сямігадовым тэрмінам знаходжання на пасадзе прэзідэнта Беларусі, прадастаўленне сацыяльных гарантый былому кіраўніку дзяржавы і членам яго сям'і з асаблівым механізмам прыцягнення яго да судовай адказнасці пры наяўнасці дастатковых падстаў. За час свайго прэзідэнцтва я буду ініцыяваць рэформы, накіраваныя на змену сістэмы дзяржаўнага кіравання ў форму парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі", - заявіла яна.
Кандыдат у прэзідэнты ў выпадку перамогі на выбарах збіраецца правесці фундаментальную падатковую рэформу, перагледзець крэдытна-фінансавую палітыку краіны, зачыніць неэфектыўныя вытворчасці, замацаваць прыватную ўласнасць на зямлю, прадаставіць ільготы для развіцця малога бізнесу. Яна таксама плануе рэфармаваць судовую сістэму і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з наступнай яго адменай. Канапацкая абяцае "вярнуць спрадвечныя беларускія дзяржаўныя сімвалы" - герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг.
"Дэмакратычная, сацыяльная, эканамічна развітая, з насельніцтвам, якое расце, Беларусь - гэта галоўная мэта ўсёй маёй палітычнай дзейнасці. Каб яе выканаць, у мяне ёсць усё: воля, сіла, упэўненасць у сваёй праўдзе, прафесійная каманда і час. Мне патрэбна толькі ваша падтрымка. Разам мы зможам пабудаваць шчаслівую і квітнеючую краіну, Беларусь для людзей", - сказала на заканчэнне Ганна Канапацкая.
Што сказаў Чарэчань?
Свой выступ кандыдат у прэзідэнты Беларусі Сяргей Чарэчань пачаў з аповяду пра сябе. Яму 35 гадоў, ён займаецца бізнесам і грамадскай дзейнасцю, у 2018 годзе быў абраны старшынёй партыі "Грамада". Пасля ён прэзентаваў сваю перадвыбарчую праграму "Эвалюцыя улады".
"Я нарадзіўся ў простай сям'і ў горадзе Крычаве, вучыўся ў Магілёве і ў Мінску і самастойна ўсяго дабіўся ў жыцці сам. Стварыў некалькі паспяховых бізнесаў, стаў кансультантам па антыкрызісным кіраванні, распрацоўваю і паспяхова ўкараняю стратэгіі развіцця для прадпрыемстваў. Але мне хочацца шчаслівага жыцця не толькі для сябе і сваіх блізкіх, калегаў і партнёраў, але і для ўсіх грамадзян Беларусі", - так ён патлумачыў сваё рашэнне балатавацца ў прэзідэнты.
Кандыдат прызнаўся, што ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах для яго зусім не спантаннае рашэнне. Разам са сваёй камандай палітык прапрацоўваў комплексную праграму пераменаў, якія патрэбныя Беларусі.
"Як паказваюць апытанні, большая частка моладзі хоча з'ехаць з Беларусі, бо не верыць у перамены і шанцы на лепшую будучыню. Мы павінны змяніць гэта і зрабіць Беларусь такой краінай, у якой будзе камфортна жыць і нам, і нашым дзецям. Мы хочам пераменаў. Але мы не хочам цяжкіх узрушэнняў, крывавага супрацьстаяння і рэвалюцый. Мы выступаем за эвалюцыю ўлады, і ў нас ёсць праграма, як гэтая эвалюцыя павінна адбывацца", - заявіў Чарэчань.
У краіне трэба правесці эканамічныя пераўтварэнні. Трэба стварыць эка-сістэму для прадпрымальніцтва і фонды падтрымкі бізнесу. Трэба прыбраць фармальныя ліцэнзіі і працэдуры, якія перашкаджаюць працаваць, скараціць паўнамоцтвы правяраючых.
"Прыватная ініцыятыва павінна стаць галоўным рухавіком эканомікі. Роля дзяржавы трэба мінімізаваць ва ўсіх сферах, каб чыноўнікі не абмяжоўвалі бізнес, а садзейнічалі яго развіццю і стваралі ўмовы для прадпрымальніцкай ініцыятывы", - растлумачыў спікер.