МІНСК, 26 ліп - Sputnik. Беларускія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў бягучым годзе плануюць сабраць больш за 8 мільёнаў тон збожжа, паведаміў журналістам у суботу міністр сельскай гаспадаркі і харчавання рэспублікі Іван Крупко.
На гэтым тыдні ўсе гаспадаркі краіны пачалі ўборку збожжавых. Паводле даных Мінсельгасхарча, на 25 ліпеня работнікі палёў сабралі ўжо больш за 1,32 мільёна тон - сціснута 12,7% ад усіх пасяўных плошчаў краіны. У лідарах па намалоце - Гомельская і Брэсцкая вобласць.
Дзякуючы спрыяльным умовам надвор'я аграрыі адзначаюць высокую ўраджайнасць. Па словах Крупко, у гэтым годзе плануецца сабраць на 20% больш збожжа, чым у папярэднім.
Павялічыцца павінен і экспарт сельгаспрадукцыі - з 5,5 мільярда даляраў у мінулым годзе да 6 мільярдаў у цяперашнім.
"Гарантуем забеспячэнне нашага ўнутранага рынку і ўсе нашы дамоўленасці па краінах, куды мы пастаўляем сваю прадукцыю, яны закантрактаваныя", - запэўніў Крупко ў эфіры тэлеканала "Беларусь-1".
Завяршыць уборку збожжа пры спрыяльных умовах надвор'я беларускія гаспадаркі маюць намер на працягу трох тыдняў.