Відэа

Першы цягнік прайшоў па трэцяй лініі сталічнага метро - відэа

Падпісацца
Урачыста адкрыць станцыі новай веткі плануюць да Дня будаўнікоў, які ў гэтым годзе выпадае на 9 жніўня.

Тэхнічны запуск цягніка на 3-й лініі метро адбыўся 29 ліпеня і прайшоў паспяхова, пра гэта паведамляе афіцыйны Telegram-канал Мінгарвыканкама.

Першапачаткова чатыры станцыі трэцяй лініі метро - "Кавальская Слабада", "Вакзальная", "Плошча Францішка Багушэвіча" і "Юбілейная плошча" - планавалі адкрыць да Дня Незалежнасці. Аднак у канцы чэрвеня галоўны інжынер "Мінскметрапраекта" Віктар Палішчук паведаміў журналістам, што наведвальнікаў станцыі прымуць крыху пазней - да Дня будаўнікоў.

Гэтае свята адзначаецца штогод у другую нядзелю жніўня. У гэтым годзе яно супала з днём правядзення выбараў.
Мяркуючы па відэазапісы, апублікаваным на афіцыйным тэлеграм-канале Мінгарвыканкама, станцыі гатовыя да ўводу ў эксплуатацыю. На платформах устаноўлены спецыяльныя дзверы, якія адкрываюцца разам з дзвярыма цягніка, калі ён прыбывае. Такая практыка прадухілення няшчасных выпадкаў і спробаў самагубства шырока распаўсюджаная ў многіх краінах.

Таксама на новых станцыях плануюць апрабаваць аплату праезду з дапамогай сканавання асобы.

Нагадаем, трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна - Зялёналужская, злучыць паўднёвыя і паўночныя жылыя масівы сталіцы з цэнтрам, яе працягласць складзе 17,2 кіламетра. На лініі будзе 14 станцый. Прадпрыемства "Мінскметрабуд" ужо пракладвае тунэлі для будаўніцтва яшчэ трох станцый: "Немаршанскі сад", "Аэрадромная" і "Слуцкі гасцінец". Іх плануюць адкрыць у 2023-м годзе.

Стужка навiн
0