МІНСК, 5 жні - Sputnik. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей абмеркаваў са старшынёй Выканкама СНД Сяргеем Лебедзевым ход прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў краіне, паведамілі ў МЗС рэспублікі.
Макей і Лебедзеў, які таксама ўзначальвае місію назіральнікаў ад СНД, сустрэліся ў сераду, 5 жніўня.
"Беларускі бок пацвердзіў гатоўнасць аказваць місіі назіральнікаў ад СНД неабходнае садзейнічанне для выканання свайго мандата, а таксама заявіў, што зробіць усё магчымае для забеспячэння дэмакратычнага і транспарэнтнага выбарчага працэсу, які адлюстроўвае волю народа", - распавялі ў прэс-службе МЗС.
На сёлетніх выбарах чакаецца вельмі сціплае прадстаўніцтва міжнародных назіральнікаў - з-за эпідэміялагічнай сітуацыі і запрашэнняў, якія позна паступілі, не прыедуць назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ, ПА АБСЕ і ПАСЕ.
Раней старшыня ЦВК Расіі Эла Памфілава паведаміла, што Цэнтрвыбаркам не атрымліваў запрашэння ўдзельнічаць у назіранні за выбарамі прэзідэнта Беларусі. Акрамя таго, расійскія назіральнікі, якія звычайна ўваходзяць у склад місіі БДІПЧ АБСЕ, таксама не змогуць прыехаць з-за таго, што арганізацыя атрымала запрашэнне са спазненнем.
Каментуючы гэтае паведамленне, кіраўнік беларускага ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла, што Беларусь прыняла рашэнне не запрашаць назіральнікаў з ЦВК іншых краін па меркаваннях эпідэміялагічнай бяспекі.