МІНСК, 14 жні - Sputnik. Літва гатовая аказаць фінансавую дапамогу пацярпелым падчас пратэстаў у Беларусі, заявіў кіраўнік МЗС гэтай балтыйскай краіны Лінас Лінкявічус.
"Літва вырашыла вылучыць фінансавыя сродкі для аказання дапамогі пацярпелым падчас нядаўніх пратэстаў у Беларусі", - напісаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства краіны на сваёй старонцы ў Twitter.
У пятніцу Лінкявічус таксама прапанаваў стварыць фонд ЕС для падтрымкі беларусаў, якія пакутуюць ад рэпрэсіяў, губляюць працу і свае даходы. На яго думку, умовы такога фонду могуць быць вызначаны ў найбліжэйшай будучыні.
Напярэдадні кіраўнік МЗС Літвы таксама заявіў, што Вільня гатовая і разглядае магчымасць прымаць на гуманітарных падставах беларускіх грамадзян, якія пакутуюць ад жорстка абыходжання. На гэтым тыдні вымушана была пакінуць Беларусь і пераехаць у Вільнюс кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся 9 жніўня. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на выбарах перамог Аляксандр Лукашэнка, за яго прагаласавалі больш за 80% выбаршчыкаў. Незадаволеныя агучанымі вынікамі людзі з вечара 9 жніўня выходзяць на вуліцы гарадоў. За час пратэстаў у Беларусі было затрымана каля сямі тысяч чалавек, у бальніцах апынуліся сотні чалавек, у тым ліку і супрацоўнікі праваахоўных органаў. Загінулі двое, адзін каля станцыі метро "Пушкінская" ў Мінску, другі - пасля затрымання ў Гомелі.
Пасля жорсткіх разгонаў пратэстуючых у першыя дні з заклікам спыніць гвалт пачалі выступаць медыкі і супрацоўнікі прадпрыемстваў. Напярэдадні міністр унутраных спраў Юрый Караеў папрасіў прабачэння за траўмы выпадковых людзей падчас акцый пратэсту. З мінскага ЦІП і турмы ў Жодзіна сталі адпускаць затрыманых, якія, сярод іншага, распавядаюць, пра жорсткі звароце да іх прадстаўнікоў праваахоўных органаў.