МІНСК, 19 жні - Sputnik. Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская павінна стаць "пераходным" прэзідэнтам да правядзення новых выбараў, заявіў экс-прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта рэспублікі Валерый Цапкала.
"Яна з'яўляецца пераходным прэзідэнтам. Яна становіцца кіраўніком дзяржавы. Прызначаюцца новыя выбары - праз пяць-шэсць месяцаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй", - распавёў ён пра шлях вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі агенцтву РІА "Новости".
Экс-кіраўнік ПВТ лічыць, што перамога Ціханоўскай зусім відавочная, таму менавіта яна ў дадзены момант з'яўляецца легітымным кіраўніком дзяржавы.
Прызнанне Захаду
Цапкала таксама заявіў, што Захад павінен прызнаць Ціханоўскую легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
"Наша бачанне заключаецца ў тым, што заходнія краіны не павінны прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Ім варта прызнаць Святлану Ціханоўскую адзіным легітымным лідарам. Расія прызнала Аляксандра Лукашэнку пераможцам на выбарах і павіншавала яго. Гэта тое, чаго заходнія краіны не павінны рабіць", - падкрэсліў ён.
Экс-прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі лічыць, што не варта параўноўваць тое, што цяпер адбываецца ў краіне, з падзеямі на Украіне.
"Мы не можам параўноўваць сітуацыю ў Беларусі з Украінай. На Украіне сітуацыя ў нацыянальным, рэлігійным і культурным планах значна больш розная. Людзі на ўсходзе і на захадзе Украіны галасавалі за розных лідараў. Вынікі ж выбараў у розных частках Беларусі аднолькавыя", - растлумачыў Цапкала.
Ён перакананы, што Расія не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі.
"У Масквы ёсць геапалітычныя інтарэсы, і яна не хоча таго, каб войскі НАТА з'явіліся каля Смаленска. Расія ніколі гэтага нікому не дазволіць", - падкрэсліў Валерый Цапкала.
Пералік галасоў
Палітык паведаміў, што ўпершыню чуе пра тое, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў апазіцыі пералік галасоў выбаршчыкаў на выбарах.
"Я не ведаю. Можа, ён камусьці і прапаноўваў, але мы пра гэта не дасведчаныя", - заявіў Цапкала.
Днямі Лукашэнка заявіў, што прапаноўваў іншым кандыдатам у прэзідэнты пералічыць галасы на прэзідэнцкіх выбарах, але яны адмовіліся і патрабуюць правесці новыя выбары. Прадстаўнік аб'яднанага штаба Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава заявіла, што апазіцыі нічога не прапаноўвалі. Абверглі словы дзеючага прэзідэнта і іншыя былыя кандыдаты на гэтую пасаду Ганна Канапацкая, Сяргей Чарэчань і давераная асоба кандыдата Андрэя Дзмітрыева Таццяна Караткевіч.
Каардынацыйны савет
Па словах Цапкалы, ён не разумее крытэрыяў фарміравання і задач створанага беларускай апазіцыяй Каардынацыйнага савета. Ён паведаміў, што яго ў Савет не запрашалі.
"Не, мяне не запрасілі. Пакуль не вельмі зразумела, якія крытэры ў гэтым Каардынацыйным савеце", - адзначыў ён.
Нагадаем, пасля прэзідэнцкіх выбараў аб'яднаны штаб Ціханоўскай абвясціў аб стварэнні Каардынацыйнага савета па трансферы улады. Паведамлялася, што ў яго ўвойдуць 70 чалавек, у дадзены момант 55 ўжо адабраны. Адным з крытэраў ўваходу ў склад прэзідыума з'яўляецца тое, што чалавек павінен "фізічна знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на стварэнне Каардынацыйнага саевта, назваўшы тых, хто ўвайшоў у яго, "гарачымі галовамі" і абвінаваціўшы іх у спробе захопу ўлады.
Цапкала на выбарах
Валерый Цапкала быў вымушаны пакінуць краіну з дзецьмі пад пагрозай крымінальнага пераследу. Экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій, які заявіў пра намер прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта, але не быў зарэгістраваны кандыдатам, з'ехаў у Маскву, затым адправіўся ў Кіеў, а адтуль у Варшаву. Яго жонка Вераніка Цапкала засталася ў Беларусі і прымала актыўны ўдзел у выбарчай гонцы кандыдата Святланы Ціханоўскай. За дзень да выбараў яна таксама пакінула краіну. Зараз Цапкала з сям'ёй знаходзіцца ва Украіне, але ён заявіў пра намер пераехаць у Польшчу.
Выбары прэзідэнта Беларусі прайшлі 9 жніўня. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, перамог Аляксандр Лукашэнка, за яго прагаласавалі больш за 80% выбаршчыкаў, на другім месцы апынулася кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.
Нязгодныя з вынікамі выбараў людзі з вечара 9 жніўня выходзяць на вуліцы гарадоў. У першыя дні акцыі жорстка падаўляліся сілавымі структурамі. За час пратэстаў было затрымана каля сямі тысяч пратэстуючых, у бальніцах апынуліся сотні чалавек. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, два чалавекі загінулі.