Як удакладнілі ў праваахоўных органах, 22 удзельнікі мітынгу дастаўлены ў Салігорскі РАУС для дачы прававой ацэнкі. З іх толькі пяцёра з'яўляюцца работнікамі прадпрыемства.
"Правяраецца іх дачыненне да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях у Салігорску 20 верасня. Некаторыя з іх будуць адпушчаныя", - удакладніў афіцыйны прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама Сяргей Чабатароў.
Паводле інфармацыі страйкаму "Беларуськалія", мітынгоўцы прыйшлі падтрымаць аднаго з працаўнікоў чацвёртага рудаўпраўлення, які адмовіўся выходзіць на паверхню пасля начной змены ў знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў краіне.
Гэта не першы падобны выпадак на прадпрыемстве за апошні месяц. 10 верасня страйк абвясціў працаўнік "Беларуськалія" Юрый Корзун. Ён зладзіў пратэст і прыкаваў сябе наручнікамі да горназдабыўнога абсталявання ў забоі. Мужчына напісаў ліст гендырэктару "Беларуськалія" Івану Галаватаму і пералічыў у ім свае патрабаванні. Сярод іх - спыненне гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў, вызваленне арыштаваных прадстаўнікоў страйкаму, адстаўка прэзідэнта і іншыя. Праз некалькі гадзін пасля пачатку пратэсту шахцёра вывелі з забою і перадалі медыкам.