МІНСК, 22 вер - Sputnik. Першы палёт з Масквы ў Мінск будзе выкананы 26 верасня. "Аэрафлот" апублікаваў графік рэйсаў у Беларусь, а таксама Казахстан, Кыргызстан і Паўднёвую Карэю.
Рашэнне аб аднаўленні на ўзаемнай аснове авіязносін з шэрагам краін было прапанавана 18 верасня па выніках пасяджэння аперштаба па папярэджанні завозу і распаўсюджвання каронавіруса на тэрыторыі РФ пад кіраўніцтвам віцэ-прэм'ера краіны Таццяны Голікавай.
"Міжнародныя паветраныя зносіны з Кіргізіяй (Бішкек), Рэспублікай Беларусь (Мінск), Казахстанам (Нур-Султан) адновіцца на гэтым тыдні. Рэгулярныя авіязносіны з Паўднёвай Карэяй (Сеул) будуць адноўлены 1 кастрычніка", - паведаміла прэс-служба авіякампаніі ў панядзелак.
Па дадзеных перавозчыка, рэйсы ў Беларусь SU1842 Масква - Мінск і SU1843 Мінск - Масква будуць выконвацца адзін раз на тыдзень па суботах, пачынаючы з 26 верасня. З 24 верасня стартуюць штотыднёвыя палёты ў сталіцу Кыргызстана, з 27-га - у сталіцу Казахстана. Акрамя таго, раз у тыдзень "Аэрафлот" стане лётаць у сталіцу Паўднёвай Карэі.
"Па меры аднаўлення міжнародных паветраных зносін частата выканання рэйсаў можа мяняцца. Актуальная інфармацыя аб раскладзе рэйсаў і паслугах публікуецца на сайце авіякампаніі", - удакладняецца ў паведамленні.
Нагадаем, на фоне пандэміі Расія з 27 сакавіка спыніла рэгулярныя і чартэрныя авіязносіны з іншымі краінамі. Выключэнне склалі вывазныя рэйсы, а таксама грузавыя, паштовыя, санітарныя і гуманітарныя.
Напярэдадні прадстаўнікі авіякампаніі "Белавія" паведамілі, што яшчэ не атрымалі ад авіяцыйных уладаў Расіі неабходны дазвол для аднаўлення рэйсаў у гарады краіны.