МІНСК, 23 вер - Sputnik. Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду прэзідэнта Беларусі, а сама цырымонія інаўгурацыі зараз праходзіць у Палацы Незалежнасці.
Правядзенне інаўгурацыі трымалася ў таямніцы, а прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант сёння ў каментары РІА "Новости" заявіла, што "бліжэй да часу інаўгурацыі мы вам абавязкова паведамім".
Высокія госці былі запрошаны ў рэзідэнцыю беларускага прэзідэнта ў апошні момант. На цырымоніі прысутнічалі дэпутаты парламента, чыноўнікі, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і грамадскасці.
Аляксандр Лукашэнка згодна з Канстытуцыяй краіны прынёс прысягу на беларускай мове, пры гэтым ён пакляўся "верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі".
Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы падпісаў акт аб прынясенні прысягі, услед за гэтым кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У Цэнтрвыбаркаме за паўгадзіны да правядзення ўрачыстай цырымоніі паведамілі, што Лідзія Ярмошына адсутнічае на працоўным месцы, але не змаглі пацвердзіць, што яна прымае ўдзел у інаўгурацыі прэзідэнта.
Галоўная электаральная кампанія ў рэспубліцы завяршылася 9 жніўня. Паводле афіцыйных дадзеных за Лукашэнку прагаласавалі 80,1% выбаршчыкаў. Агульная яўка склала 84,28%, прычым датэрмінова прагаласавала больш за 40% беларусаў, якія маюць права голасу.
Пасля абвяшчэння вынікаў у Беларусі пачалі праходзіць акцыі пратэсту грамадзян, якія такім чынам выказваюць сваю нязгоду з вынікамі выбараў прэзідэнта рэспублікі.