МІНСК, 24 вер - Sputnik. Кітай выступае супраць таго, каб знешнія сілы стваралі хваляванні ў Беларусі, заявіў на брыфінгу ў чацвер афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Ван Вэньбінь.
Еўрапейскі Саюз у асобе кіраўніка дыпламатыі Жозэпа Барэля выступіў з заявай, у якой не прызнае вынікі выбараў прэзідэнта рэспублікі.
"На гэтай аснове так званая інаўгурацыя 23 верасня і новы мандат, прыняты Аляксандрам Лукашэнкам, не маюць дастатковай дэмакратычнай легітымнасьці", - сказана ў дакуменце.
Адказваючы на пытанне аб інаўгурацыі беларускага прэзідэнта, кітайскі дыпламат сказаў, што Пекін спадзяецца, што "пад кіраўніцтвам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі Беларусь зможа аднавіць палітычную стабільнасць і спакой".
Пры гэтым Ван Вэньбінь падкрэсліў, што "Кітай паважае выбар, зроблены народам Беларусі, прэзідэнцкія выбары - унутраная справа краіны".
Афіцыйны Пекін запэўніў, што падтрымлівае намаганні Беларусі ў імкненні забяспечыць суверэнітэт і нацыянальную бяспеку і "выступае супраць таго, каб знешнія сілы стваралі раскол і хваляванні ў беларускім грамадстве".
Нагадаем, інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі адбылася ў сераду раніцай, інфармацыйнае агенцтва БелТА без папярэдняга анонсу перадало, што Лукашэнка ўступіў на пасаду прэзідэнта Беларусі, цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці. У Мінюсце запэўнілі, што ніякіх парушэнняў пры гэтым не было, цырымонія прайшла ў адпаведнасці з законам. Увечары пасля інаўгурацыі ў Беларусі прайшлі акцыі пратэсту.
Прапрацоўваецца візіт Сі Цзіньпіна
Намеснік спікера беларускага парламента Валерый Міцкевіч абмеркаваў двухбаковыя адносіны са старшынёй Камітэта па замежных справах Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Есуем ў фармаце відэа-канферэнцыі.
"Мы высока цэнім падтрымку Кітая, у тым ліку ў пытаннях павагі замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі", - сказаў беларускі дэпутат.
Пры гэтым ён выказаў удзячнасць кітайскаму боку за тое, што на міжнародных пляцоўках, уключаючы Савет бяспекі ААН, Пекін займае канструктыўную пазіцыю ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі.
"Мы з цвёрдым аптымізмам глядзім на развіццё беларуска-кітайскіх адносін і ўпэўненыя ў паслядоўнай рэалізацыі ўсіх планаў", - запэўніў Валерый Міцкевіч.
На яго думку, " візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь надасць дадатковы магутны стымул двухбаковаму супрацоўніцтву. Мы гатовыя да цеснага ўзаемадзеяння з парламентам Кітая ў справе яго падрыхтоўкі і арганізацыі".
Ордэн пашаны для пасла
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся сёння з кіраўніком кітайскай дыпламатычнай місіі Цуй Цымінам у сувязі з завяршэннем яго работы ў рэспубліцы.
Беларускі лідар уручыў кітайскаму дыпламату ордэн Пашаны, які ён атрымаў за значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне сувязяў паміж Мінскам і Пекінам.
"Цуй Цымін працаваў у Беларусі са студзеня 2014 года. За гэты перыяд беларуска-кітайскае супрацоўніцтва істотна актывізавалася па ўсіх напрамках. Беларускі бок высока ацэньвае асабісты ўклад амбасадара ў актывізацыю ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка дзяржавы.