Што такое клямка і як яе выкарыстоўвалі нашы продкі
17:55 11.10.2020 (абноўлена: 15:37 14.04.2022)
© Sputnik / Альфред МикусАбрад Юр'е ў Ахонава
© Sputnik / Альфред Микус
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра адмысловую жалезную прыладу, якая сустракала ўсіх гасцей хаты.
Згодна з народным каляндаром у гаспадарлівага беларуса многія віды працы мелі сезонны характар. Так на Аўдоццю Вясноўку было прынята мыць бялізну, перад Масленіцай, Вялікаднём, Купаллем прыбіралі ў хаце і на падворку, пралі і ткалі ўзімку. А за кастрычнікам замацаваны "жалезны тыдзень". Ён звязаны з прысвяткам Сяргей, калі па даўняй традыцыі чысцілі і змазвалі жалезныя рэчы, каб яны цэлы год не ржавелі і не ламаліся. Кастрычнік самы спрыяльны для гэтага занятку месяц, паколькі большасць прац з зямлёй ў вясковага чалавека ўжо завершана. А гэта значыць, што надыходзіў час даводзіць да ладу кожную металічную дробязь, якая мелася ў гаспадарцы, напрыклад, клямкі.
Адна са старажытных беларускіх дзіцячых гульняў пачынаецца словамі: "Стаю на ганку, узяўся за клямку".
Да сярэдзіны ХХ стагоддзя дзверы, асабліва вясковай хаты, было цяжка ўявіць сабе без клямкі. Адчыняліся яны пры дапамозе клямкі, а зачыняліся з дапамогай засавак, замкоў і іншых запораў. Гэта металічнае прыстасаванне вядома на Беларусі з сярэднявечча. Але ў народным дойлідстве клямка асабліва пашырылася толькі ў ХІХ стагоддзі. Гатовы выраб можна было замовіць у каваля, або набыць на кірмашы.
Згодна з народнымі традыцыямі ў вясковай хаце ад ранку да ночы дзверы на ключ не замыкаліся. Такую завядзёнку і цяпер можна сустрэць у вёсках Беларусі. Калі ў хату ішоў падарожны або хтосці з суседзяў, то гаспадары чулі гэта здалёк. Спачатку ў двары пачынаў брахаць сабака, далей сам госць, згодна з народным этыкетам, гучна пытаўся, ці ёсць хто ў хаце і, нарэшце ў дзвярах бразгатала клямка.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКлямка з Падляшша
Клямка з Падляшша
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Вядомы беларускі этнограф Часлаў Пяткевіч апісваючы матэрыяльную культуру Рэчыцкага Палесся вызначыў, што дзвярная клямка складаецца з пяці частак:
- Ручка (дужка), якую часам называлі "клямаркай". Кавалак круглага жалеза, сагнуты ў форме сярпа. Адзін яго канец, расплясканы накшталт трохкутніка, мае тры адтуліны для цвікоў, а таксама адзін падоўжаны прамавугольны, праз які праходзіць язычок наскрозь праз дзверы; другі канец меней расплясканы і мае толькі адну адтуліну для цвіка.
- Западня робіцца з тоўстага жалеза (штабка) даўжынёй 15, шырынёй 3см; адзін яе канец мае адтуліну для цвіка ці шруба, а на другім знаходзіцца выкаваны шып, скручаны ў тугую спіраль, як кручваюць пояс.
- Язычок у народзе меў назву «слясак». Па форме ён нагадвае хлебную лапату, шып мае доўгі, каб праходзіў наскрозь дзверы, канец яго загнуты пад прамым вуглом уверх.
- Скобка, у якой ходзіць западня падымаецца язычком.
- Гак (кручок), у які западае западня, зачыняючы дзверы.
Як дзейнічае клямка
Дзейнічае клямка настолькі проста проста, што пра вельмі лёгкае без намаганняў выкананне якой небудзь работы ў народзе кажазалі: "Лёгка як гэтыя дзверы адкрыць". Пры націсканні на слясак пальцам прыпадымаецца рычаг-замок з унутранага боку дзвярэй, на якіх ён рухома замацаваны адным канцом, другім уваходзіць у кручок, убіты ў вушак дзвярэй. Дастаткова адпусціць палец і рычаг апусціцца на гак, надзейна зачыніўшы дзверы.
Як галоўная дэталь афармлення ўваходу клямка як і завеса, нярэдка мела мастацкую форму. Часцей за ўсё аздабляліся расплясканыя канцы дужкі, асабліва верхні, якому надавалі выгляд ліста, трылісніка, завіткоў і іншыя формы. Дзверы мяжа паміж жылой прасторай і наваколлем – ахова жытла. Не здарма ж у народзе пра надзейныя дзверы кажуць: "Жыць, як у Бога (бацькі) " за дзвярамі. Таму натуральна, што і клямкі ў выглядзе галовак коней, пеўняў рагоў барана ў старажытнасці выконвалі функцыю абярэгаў. Дарэчы існаваў погляд, што і самі кавалі, якія валодалі майстэрствам утаймавання агню і металу, з’яўляліся чараўнікамі.
Цікава, што ў народзе слова клямка ў пераносным сэнсе значыла канец, край. У народзе казалі: "Яму ўжо клямка" або "Не, канцы ўжо цяпер, клямка тэй "безручы няшчаснай"". Калі якая небудзь справа была канчаткова завершана, то замест фразы "пытанне вырашана" казалі: "З гэтым нічога не буду рабіць; гэта ўжо клямка".
У наш час клямка кавальскай работы сустракаецца пераважна на варотах, у жыллёвым будаўніцтве яна саступіла месца прамысловым вырабам. Але клямка заўсёды прыцягвае ўвагу этнографаў, гісторыкаў, яна частка традыцыйнай культуры Беларусі. Падзівіцца на віды клямак можна і ў музеях, паколькі некаторыя з іх не толькі побытавы прадмет але і ўзор кавальскага майстэрства. Клямку і цяпер часта можна сустрэць там, дзе захаваліся старыя пабудовы. Яны, як і сто год таму надзейныя ў карыстанні.