МІНСК, 4 ліс - Sputnik. Пастаянныя прадстаўнікі краін-членаў Еўрапейскага саюза могуць узгадніць новыя санкцыі па Беларусі на пасяджэнні камітэта (COREPER) у сераду, пра гэта паведамляецца ў апублікаваным парадку сустрэчы.
Рашэнне па пашырэнні санкцыйнага спісу, што датычыцца Беларусі, плануюць прыняць без дадатковага абмеркавання. Пасля ўзгаднення дэталяў пастаянныя прадстаўнікі ЕС запусцяць тэхнічны працэс афіцыйнага зацвярджэння новых санкцый еўрапейскімі сталіцамі. У выпадку, калі ўсе 27 краін-удзельніц Еўрасаюза пагодзяцца са спісам, абмежаванні ўступяць у сілу пасля іх апублікавання ў афіцыйным часопісе ЕС. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта можа адбыцца ўжо 6 лістапада.
Пашырыць санкцыйных спіс па Беларусі кіраўнікі МЗС Еўрасаюза прынялі яшчэ 12 кастрычніка. Тады ж пацвердзілі гатоўнасць уключыць у яго Прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнку. З таго моманту вялася праца па складанні і ўзгадненні новага спісу. На днях інфармаваныя крыніцы паведамлялі, што ў новы спіс увойдуць 15 фігурантаў.
Накладанне санкцыі прадугледжвае замарожванне актываў чыноўнікаў з спісу ў краінах Еўрасаюза, а таксама забарону на перасячэнне мяжы ЕС.
Дзейсныя санкцыі
Краіны Еўропы асудзілі дзеянні беларускіх уладаў і неаднаразова заяўлялі, што не прызнаюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. На пачатку кастрычніка Еўрасаюз ва ўласным афіцыйным часопісе апублікаваў спіс з 44 беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх уведзеныя персанальныя санкцыі. У яго, у прыватнасці, увайшлі кіраўнік МУС Юрый Караеў і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Сам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў дадзены спіс не быў уключаны.
Пазней стала вядома, што Еўрасаюз рыхтуецца ўвесці санкцыі супраць прэзідэнта Беларусі, калі сітуацыя ў рэспубліцы не зменіцца.