МІНСК, 4 ліс - Sputnik. Больш цёплае надвор'е, чым звычайна, чакаецца ў Беларусі ў лістападзе бягучага года, такі доўгатэрміновы прагноз агучылі ў Белгідраметцэнтры.
Па дадзеных сіноптыкаў, кліматычнай нормай для нашай краіны ў лістападзе лічыцца тэмпература паветра ад -1°С да + 3°С і колькасць ападкаў ад 40 да 55 міліметраў.
"Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў лістападзе 2020 года чакаецца на 1-2°С вышэй за норму. Месячная колькасць ападкаў прагназуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў", - распавялі ў Белгідрамеце.
Сіноптыкі нагадалі, што ў апошнім восеньскім месяцы тэмпература паветра інтэнсіўна паніжаецца ад першай дэкады да трэцяй. Часцей за ўсё самай цёплай становіцца першая дэкада, прыкладна адзін раз у 3 гады - другая дэкада, радзей за ўсё - трэцяя дэкада лістапада.
Часта ў лістападзе усталёўваецца зімовы рэжым надвор'я, у параўнанні з кастрычнікам сярэдняя тэмпература паветра паніжаецца на 5,4-6,3°С.
"Пераход сярэднясутачнай тэмпературы праз 0°С у бок паніжэння лічыцца пачаткам зімы. У сярэднім ён пачынаецца ў паўночных і паўночна-ўсходніх рэгіёнах рэспублікі ў другой дэкадзе і завяршаецца на паўднёвым захадзе ў канцы трэцяй дэкады, а ў Брэсце гэты пераход ажыццяўляецца 3 снежня" - растлумачылі ў Белгідраметцэнтры.
Часам лістапада становіцца цяплей, чым звычайна. Напрыклад, на 3-4°С вышэй за кліматычную норму тэмпература паветра была зафіксавана ў гэтым месяцы ў 1978, 1996 годзе, 2000, 2010, 2013, 2019 гадах. Халадней за норму на 3-4°С быў лістапад 1946, 1956, 1965, 1988 гадоў.
"Самы цёплы лістапад выдаўся ў 1996 годзе, калі сярэднямесячная тэмпература паветра склала + 4,9°С. Вельмі холадна (на 6-7°С ніжэй за норму) было ў лістападзе 1993 і 1998 гадоў. Абсалютны максімум тэмпературы (+ 24,1°С) адзначаны ў Мазыры 1 лістапада 1926 года, якія абсалютны мінімум тэмпературы (-27,4°С) - у Езярышча 30 лiстапада 1992 года", - нагадалі сіноптыкі.
Ападкі ў лістападзе часцей за ўсё выпадаюць у выглядзе снегу. Раней усяго снежны полаг звычайна ўтвараецца ў канцы кастрычніка, на поўдні і захадзе Беларусі - у першай палове лістапада. Пры гэтым ўстойлівы снежны полаг звычайна фармуецца толькі ў снежні.
Сярэдні лік дзён з ападкамі ў лістападзе складае 15-20, з туманамі - 6-17. Акрамя таго, за месяц можа назірацца 2-5 дзён з галалёдам і шэранню.