МІНСК, 19 ліс - Sputnik. Першы энергаблок Беларускай АЭС ўключылі ў сетку пасля таго, як на ім правялі замену трансфарматараў напружання і выпрабавалі цеплаэнергетычнае абсталяванне, паведаміла прэс-служба Мінэнерга краіны.
"Першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі уключаны ў сетку пасля правядзення работ па замене трансфарматараў напружання ў вымяральных ланцугах генератарнага выключальніка, а таксама выпрабаванняў цеплаэнергетычнага абсталявання, неабходных вымярэнняў і даследаванняў", - заявілі ў прэс-службе.
У Мінэнерга таксама ўдакладнілі, што ўключэнне першага блока АЭС у энергасетку краіны правялі "у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналагічнага рэгламенту бяспечнай эксплуатацыі без заўваг".
Зараз рэактар працуе на 40% магутнасці, як і да яго спынення. Пакуль на АЭС працягваюцца выпрабаванні абсталявання энергаблока, а ў доследна-прамысловую эксплуатацыю яго збіраюцца ўвесці ў наступным месяцы, гаворыцца ў паведамленні.
Чаму блок спыніўся?
Кіраўнік будаўніцтва Астравецкай АЭС Віталь Палянін назваў спыненне пастаўкі электраэнергіі ад станцыі "абсалютна працоўнай сітуацыяй".
Прычына - у якасці абсталявання, яго адрамантуюць, заяўляў раней Палянін. "Абсталяванне гэта італьянскай вытворчасці, зараз мы мяняем трансфарматары на расійскія з запасаў канцэрна "Расэнергаатам", - пракаментаваў сітуацыю прадстаўнік "Расатама".
Першы энергаблок БелАЭС быў уключаны ў энергасістэму Беларусі 3 лістапада. Афіцыйная цырымонія з удзелам кіраўніка дзяржавы, прысвечаная гэтай падзеі, адбылася чатырма днямі пазней.
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка назваў момант гістарычным і зноў агучыў сваю ідэю аб ўзвядзенні яшчэ адной АЭС у краіне. "Калі навучыліся, то трэба і другую станцыю пабудаваць", - заявіў ён.
На наступны дзень пасля афіцыйнай цырымоніі, першы энергаблок БелАЭС быў няпланава адключаны ад сеткі. Інцыдэнт не адбіўся на ядзернай бяспецы краіны.