МІНСК, 26 ліс - Sputnik. Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у чацвер сустрэнецца з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком дыпведамства рэспублікі Уладзімірам Макеем у рамках рабочага візіту ў Мінск.
Расійскі міністр прыбыў у Мінск у сераду ўвечары.
У працоўным графіку ў Лаўрова - сустрэча з кіраўніком дзяржавы і беларускім калегам. На парадку дня - сітуацыя ў Беларусі, а таксама двухбаковыя і міжнародныя тэмы.
Акрамя таго, Лаўроў возьме ўдзел у сумесным пасяджэнні калегій МЗС Беларусі і Расіі.
Плануецца, што бакі абмяркуюць бягучыя адносіны з Еўрасаюзам, магчымасці ўдзелу АДКБ у аперацыях ААН па падтрыманні міру, перспектывы фарміравання "вялікага еўразійскага партнёрства" праз спалучэнне інтэграцыйных працэсаў, а таксама ўзаемадзеянне ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.
Акрамя таго, у рамках сумеснага пасяджэння калегіі, будзе разгледжаны ход выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі Саюзнай дзяржавы на 2020-2021 гады.
Як раней паведамляла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава, Лаўроў прабудзе ў Мінску два дні. Гэта першы візіт кіраўніка расійскага МЗС у Беларусь пасля выбараў прэзідэнта рэспублікі, якія прайшлі ў жніўні. Папярэдні рабочы візіт міністра ў беларускую сталіцу адбыўся ў чэрвені бягучага года.