Зараз афіцыйна: на дахах і фасадах будынкаў забаранілі размяшчаць сцягі

© Sputnik / Виктор ТолочкоБела-чырвона-белы сцяг на выхадзе з станцыі метро "Пушкінская"
Бела-чырвона-белы сцяг на выхадзе з станцыі метро Пушкінская - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў распарадзіўся "спыніць вэрхал" і ўвесці дадатковыя меры па забеспячэнні грамадскага парадку, бяспекі і дысцыпліны ў сталіцы.

МІНСК, 26 ліс - Sputnik. З гэтага часу на фасадах і дахах будынкаў нельга вешаць вырабы "з гаручага тэкстылю", дадзеная пастанова апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

МНС Беларусі ўнёс змены ў Правілы пажарнай бяспекі для жылых дамоў, будынкаў і збудаванняў.

У прыватнасці, не дапускаецца "размяшчаць на фасадах, дахах і (або) вонкавых паверхнях частак будынкаў (тэраса, ганак, прыступкі і іншыя) вырабы з гаручага тэкстылю, не прадугледжаныя праектнай дакументацыяй, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых заканадаўствам".

Верагодна, гаворка ідзе пра бела-чырвона-белыя сцяги, якія цяпер масава вывешваюцца ў жылых дамах. Грамадзянам таксама нельга пакідаць без нагляду запаленыя свечкі, цеплагенератары, якія працуюць, курыць тытунёвыя вырабы ў ложку, выкідаць іх і запалкі непатушанымі з вокнаў, балконаў, а таксама ў смеццеправоды і скрыні. Пастанова №39 дзейнічае з 27 лістапада.

Колькі выдаткоўваюць МНС на зняцце сцягоў

У кастрычніку генеральны пракурор Мінска Алег Лаўрухін распавёў, у якую суму абыходзяцца пашкоджанні альбо апаганьванні фасадаў будынкаў, гарадскіх канструкцый і іншых аб'ектаў камунальнай уласнасці.

У якасці прыкладу пракурор назваў выезды пажарных службаў на дэмантаж недзяржаўнай сімволікі. Паводле яго слоў, толькі ад гэтых выездаў гарадскімі органамі МНС затрачана было каля 27 тысяч рублёў. Грошы, як адзначыў пракурор, кампенсуюць старшыні таварыстваў уласнікаў, калі такія маюцца. Менавіта яны нясуць адміністрацыйную адказнасць за парушэнне правілаў архітэктурных рашэнняў фасадаў будынкаў.

Якія яшчэ меры "па навядзенні парадку" ёсць у Мінску

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў на мінулым тыдні назваў тое, што адбываецца ў Мінску "вакханаліяй, якую пара спыняць" і заявіў аб увядзенні дадатковых мер па забеспячэнні грамадскага парадку, бяспекі і дысцыпліны ў сталіцы.

У спіс адрасоў, дзе цяпер асабліва пільна сочаць за "ўзорным парадкам", патрапілі 44 кропкі - цэлыя мікрараёны і асобныя двары.

Цяпер гэтыя месцы патрулююцца добраахвотнымі дружынамі, "дваровыя" чаты актыўна маніторацца на прадмет "сацыяльнай напружанасці", а мясцовыя ўлады павінны актыўна папулярызаваць і размяшчаць дзяржаўную сімволіку. Sputnik паглядзеў, якая праца ўжо праведзена і пагутарыў з жыхарамі "пратэстных" двароў.

Стужка навiн
0