МІНСК, 1 сне - Sputnik. Беларусь уключана ў пагадненне добраахвотнага ліцэнзавання паміж Патэнтным пулам лекавых сродкаў і міжнароднай кампаніяй ViiV Healthcare, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя ў аўторак у сваім Telegram-канале.
Цяпер Беларусь на льготных умовах атрымлівае доступ да джэнерыка лекавага прэпарата "Долутэгравір", а таксама да камбінаваных прэпаратаў, якія змяшчаюць долутэгравір (ценафавір + ламівудзін + долутэгравір). СААЗ рэкамендуе "Долутэгравір" як прэпарат першай лініі для лячэння ВІЧ.
У пагадненне таксама ўключаны Азербайджан, Казахстан і Малайзія. "Чатыры краіны, якія атрымаюць выгаду ад гэтага пагаднення, не ўключаны ў дзейсную ліцэнзію Патэнтнага пула і ViiV Healthcare, бо з'яўляюцца краінамі з сярэдне-высокім узроўнем даходаў, дзе ViiV Healthcare мае патэнт на долутэгравір", - адзначылі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Гэтыя краіны таксама атрымліваюць доступ да існуючай добраахвотнай педыятрычнай ліцэнзіі на долутэгравір.
Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч адзначыў, што гэта быў доўгі і няпросты працэс. Тым не менш, паводле яго слоў, жаданы вынік дасягнуты.
"Мы спадзяемся, што дзякуючы ліцэнзійнай дамове Патэнтнага пула і ViiV Healthcare, долутэгравір і ТЛД (ценафавір + ламівудзін + долутэгравір), будуць больш даступныя для ВІЧ інфіцыраваных пацыентаў у Беларусі, што дасць магчымасць павысіць прыхільнасць да лячэння. Таксама адкрываецца магчымасць канкурэнцыі паміж вытворцамі джэнерыкаў. Гэта дасць магчымасць выводзіць на наш рынак лекі гарантаванай якасці па больш нізкім кошце", - дадаў Піневіч.