МІНСК, 21 сне - Sputnik. Органы пракуратуры Гродзенскай вобласці сумесна з тэрытарыяльнымі службамі дзяржнагляду правялі праверкі ў арганізацыях, якія найбольш часта наведваюць грамадзяне, паведамілі ў абласной пракуратуры.
У Беларусі ўведзены масачны рэжым - насельніцтву рэкамендавана апранаць ахоўныя маскі пры наведванні крам, кафэ, іншых грамадскіх месцаў, а таксама пры карыстанні грамадскім транспартам. Дадатковыя меры па прафiлактыцы распаўсюджвання віруса COVID-19 былі прынятыя некалькі тыдняў таму.
"У Гродзенскай вобласці пракурорамі і работнікамі санслужбы праверана больш за 200 аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Паштовыя аддзяленні, установы культуры, адукацыі, спорту і турызму, вакзалы, кафэ, крамы. Грамадзяне не ўсюды выконвалі масачны рэжым", - паведамілі Sputnik у пракуратуры.
Выпадкі парушэння масачнага рэжыму зафіксаваныя ў шэрагу крамаў Ашмянскага, Шчучынскага, Ваўкавыскага і Навагрудскага раёнаў. Па дадзеных пракуратуры, акрамя гэтага, у асобных арганізацыях рэгіёну адсутнічалі антысептыкі і вадкае мыла, не выконваўся прынцып дыстанцыявання, неналежным чынам быў наладжаны кантроль за станам здароўя работнікаў. А некаторыя прадпрыемствы сістэмы ЖКГ не выконвалі належным чынам рэгламенты па ўборцы і дэзінфекцыі шматкватэрных жылых дамоў.
Акрамя гэтага, выяўлены выпадкі, калі ў гандлёвых аб'ектах нерэгулярна праводзілі вільготную ўборку памяшканняў і гандлёвага абсталявання.
Разам з тым у пракуратуры адзначылі, што парушэнні, як правіла, неадкладна ўхіляліся.
"Толькі ў выключных выпадках пракурорам давялося прымаць меры рэагавання", - сказалі ў наглядным ведамстве.