МІНСК, 29 сне - Sputnik. Першыя прышчэпленыя ў рамках масавай вакцынацыі дзесяць чалавек - работнікі 5-й гарадской клінічнай паліклінікі. Сярод іх - галоўны ўрач Яраслаў Кузняцоў.
5-я паліклініка стала адной з чатырох клінічных баз, на якіх праводзіліся выпрабаванні вакцыны. Са ста добраахвотнікаў 20 было прышчэплена менавіта тут.
"Сёння, лічу, эпахальная падзея. Мы задаволены выпрабаваннямі вакцыны, пабочных рэакцый не было" - распавёў Кузняцоў.
Па словах галоўнага ўрача, вакцынацыя, дазволіць у сціснутыя тэрміны справіцца з пандэміяй COVID-19.
"Вакцына, зыходзячы з нашага сціплага асабістага вопыту, лічу, больш чым вартая. Спадзявацца на тое, што наш імунітэт дазволіць нам альбо не захварэць, альбо перанесці гэта ў лёгкай форме, не варта. Рэкамендую ў далейшым прышчапіцца ўсім", - дадаў галоўны ўрач.
У 5-ю паліклініку на дадзены момант даставілі 200 доз. Верагодней за ўсё, імі прышчэпяцца медыцынскія работнікі.
"Сёння асаблівы дзень у сістэме адносін Міністэрства аховы здароўя Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Але, напэўна, важна і справядліва сказаць, што гэта асаблівы дзень у сістэме нашых адносін. Тыя абавязацельствы, якія на сябе першапачаткова ініцыятыўна ўзяла Расійская Федэрацыя, расійскае кіраўніцтва, прэзідэнт Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, яны пацверджаныя і выконваюцца. Сёння пачынаецца масавая вакцынацыя грамадзян Беларусі, гэта першая краіна, дзе пачынаецца масавая вакцынацыя сьледам за Расійскай Федэрацыяй", - адзначыў пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.
"Спутник V" у Беларусі
21 снежня Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла аб рэгістрацыі ў краіне расійскай вакцыны "Спутник V". Беларусь стала першай замежнай дзяржавай, якая зарэгістравала ў сябе прэпарат.
Па словах міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, вакцынацыя ахопіць больш за 5,5 мільёнаў чалавек і будзе праводзіцца на добраахвотнай аснове. Пры гэтым першапачаткова Міністэрства аховы здароўя заяўляла, што масава прышчапляць беларусаў ад COVID-19 пачнуць у студзені.
Спачатку вакцынаваць будуць медработнікаў, настаўнікаў, работнікаў гандлю і тых, хто па абавязку прафесіі кантактуе з вялікай колькасцю людзей.
Што важна, вакцыну яны атрымаюць бясплатна. Дзмітрый Піневіч паведаміў, што на першым этапе плануецца прышчапіць 200 тысяч чалавек. Па планах, у першым квартале вакцыну атрымаюць 1,2 мільёна беларусаў, а ў наступстве яшчэ больш за 3 мільёны.
Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 14 снежня 4-ю бальніцу, заявіў, што ў Беларусі магчымыя тры варыянты вакцынацыі: пачатак ўласнай вытворчасці, размяшчэнне у сябе вытворчасці на аснове расійскіх распрацовак і закупка вакцыны для груп рызыкі.
Пачаць выпускаць расійскую вакцыну на беларускіх магутнасцях плануюць ва II квартале 2021 года.