МІНСК, 6 сту – Sputnik. Кіраўнік БПЦ мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін назваў прошлы год вельмі няпростым для многіх і пажадаў, каб з Калядамі да людзей прыйшлі гармонія і згода. Пра гэта гаворыцца ў традыцыйным калядным пасланні прадстаяцеля БПЦ.
Праваслаўны свет рыхтуецца адзначыць адно з галоўных свят рэлігійнага календара - Раство Хрыстова. У гэтым годзе БПЦ сустракае калядныя святы з новым архіпастырам, мітрапаліт Веніямін упершыню будзе служыць усяночную Калядную службу ў якасці прадстаяцеля БПЦ.
Па традыцыі, кіраўнік БПЦ звяртаецца да вернікаў з калядным пасланнем. У сваім пасланні мітрапаліт Веніямін закрануў вострыя палітычныя і сацыяльныя пытанні, з якімі сутыкнуўся летась свет у цэлым і Беларусь у прыватнасці.
"Нялёгкі шлях пройдзены намі ў мінулым годзе. Ён быў вельмі няпросты (...) для чалавецтва ў цэлым. (...) Падзел у нашым грамадстве, які ўзнік на палітычнай глебе, - усё гэта пазбаўляе людзей пачуццяў бяспекі, стабільнасці і спакою, што ўжо сталі звыклымі і штодзённымі для нас", - гаворыцца ў Калядным пасланні, якое апублікавана на сайце БПЦ.
Мітрапаліт заклікаў не ўпадаць у роспач, нягледзячы на тое што "многія адчуваюць разгубленасць і страх перад будучыняй".
Прадстаяцель БПЦ падкрэсліў, што падзеі мінулага года з'яўляюцца "сур'ёзнай падставай задумацца аб нашым стаўленні да Бога і бліжніх, пра жыццё духоўнае згодна з запаведзямі".
"Вернікі не могуць заставацца абыякавымі да трывожных падзей, што адбываюцца ў свеце, і перш за ўсё - у сваёй Айчыне", - адзначыў мітрапаліт Веніямін.
Пры гэтым ён заклікаў вернікаў зразумець, што "у большасці выпадкаў мы не ў стане паўплываць на працэсы, якія ахапілі сённяшні свет". У сувязі з гэтым ён прывёў цытату з Псалтыра: "Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе" (Пс.54:23).
У сваім Калядным пасланні мітрапаліт пажадаў, каб "гармонія і згода знаходзіліся ў сем'ях, калектывах, у грамадстве, ва ўсей Айчыне нашай і за яе межамі".