МІНСК, 19 сту – Sputnik. Міжнародная федэрацыя хакея выплаціць кампенсацыю Беларусі пасля таго, як Мінск быў пазбаўлены права правесці матчы чэмпіянату свету па хакеі-2021, заявіў член савета IIHF Пётр Бржыза, паведамляе sport.cz.
"Санкцыяў для IIHF няма, будзе кампенсацыя беларускім арганізатарам. Яна дакладна прапісана ў дагаворах. Мы чакаем справаздачы і аналізу з офіса генеральнага сакратара IIHF, які вызначыць усе выдаткі і наступствы гэтага рашэння. Ніхто не ведае дакладнай сумы", - сказаў Бржыза.
Член савета федэрацыі таксама адзначыў, што ўсе расходы па пераносе турніру з Мінска ў новае месца аплаціць IIHF.
"Вядуцца перамовы з Даніяй, Браціславай і Рыгай, якая прапанавала правесці ўвесь турнір. Аднак ім прыйдзецца зрабіць часовую арэну. Латвійскі бок восенню даў зразумець, што можа падрыхтаваць і ажыццявіць гэты варыянт", - сказаў член савета IIHF.
Ён дадаў, што рашэнне па пераносе матчаў чэмпіянату з Мінска савет IIHF прыняў аднадушна.
"У верасні мы даручылі федэрацыі прааналізаваць небяспекі і рызыкі, якія могуць паўстаць у выніку правядзення чэмпіянату свету ў Мінску. Сітуацыя там з тых часоў не супакоілася, а наадварот, напалілася. У статуце IIHF выразна апісваецца, што калі арганізатар не можа гарантаваць бяспеку правядзення прызначанага чэмпіянату свету, савет мае права перанесці арганізацыю ў іншую краіну. Гэты абзац зараз выкарыстоўваецца на аснове фактаў, а не пачуццяў", - адзначыў Бржыза.
Што не так з чэмпіянатам?
Сусветнае хакейнае першынство павінна было адбыцца ў траўні-чэрвені 2021 года ў Мінску і Рызе. Аднак у жніўні латвійскія ўлады выступілі супраць сумеснага з Беларуссю турніру з-за палітычнага становішча ў рэспубліцы. У беларускай сталіцы заяўлялі аб поўнай гатоўнасці правесці мерапрыемства сваімі сіламі, калі Рыга адмовіцца ад сумеснай арганізацыі.
У панядзелак, 18 студзеня, стала вядома, што Мінск пазбаўлены права на правядзенне чэмпіянату. Дзе ў выніку пройдзе ЧС, пакуль не паведамляецца. Міжнародная федэрацыя хакея ў бліжэйшы час зробіць шэраг афіцыйных заяў.
Чытайце таксама:
- "Ёсць план Б": Фазэль заявіў, што ЧС па хакеі адбудзецца
- Фазель: правесці Чэмпіянат свету ў Беларусі - наш абавязак
- Па-за палітыкай: IIHF па-ранейшаму плануе правесці ЧС-2021 у Мінску і Рызе