МІНСК, 11 лют – Sputnik. У бліжэйшы час Беларусь пачне вырабляць вакцыну ад каронавіруса па расійскай тэхналогіі, а ў будучыні - і па кітайскіх распрацоўках, пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе.
Прэзідэнт распавёў, што дамовіўся з лідэрам Кітая Сі Цзіньпінам аб тым, што КНР паставіць свае вакцыны і тэхналогіі для вытворчасці на тэрыторыі Беларусі.
"Мы таксама дамовіліся з Сі Цзіньпінам, што ў бліжэйшы час (што кітайцы робяць вельмі рэдка), яны нам выдзяляць сваю вакцыну... кітайцы дапамогуць нам арганізаваць па сваіх тэхналогіях вытворчасць іх вакцын на тэрыторыі Беларусі", - сказаў Лукашэнка.
Вакцыны раней ужо выраблялі
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне ёсць і свае добрыя спецыялісты, а раней, у часы Савецкага Саюза, Беларусь ужо вырабляла вакцыны. Праўда, у асноўным для жывёл.
"Тэхналогіі, як кажуць спецыялісты ў чымсьці (а хтосьці кажа і шмат у чым) падобныя. Трэба дадатковае абсталяванне, трэба яшчэ чагосьці, што мы і зрабілі. Нашы навукоўцы створаць вакцыну", - паабяцаў прэзідэнт.
Беларускі лідэр пахваліў расійскую вакцыну і навукоўцаў, якія захавалі тое, што было створана ў савецкія часы. І адзначыў, што ў савецкай вакцыне ёсць і ўклад беларускіх спецыялістаў.
"Дык вось у той савецкай вакцыне і праца нашых навукоўцаў. Але так атрымалася, што яна ўжо не наша. Але вопыт нашых людзей, у нашых навукоўцаў ёсць, практыка ёсць. І яны сёння робяць сваю вакцыну. І мы яе зробім", - запэўніў Лукашэнка.
Зараза з намі назаўжды
Прэзідэнт растлумачыў, для чаго Беларусі патрэбныя свае распрацоўкі ў гэтай сферы. Паводле яго слоў, гэта важна зрабіць не толькі для таго, каб абараніць людзей - цяпер для гэтых мэт можна вырабляць расійскую вакцыну.
"Але мы ўжо зразумелі, што гэтая зараза, няхай не COVID, а нейкі свінячы, парасячы, птушыны грып да нас яшчэ прыйдуць, і нам трэба будзе абараняць людзей у будучыні. Таму мы, ствараючы вакцыну ад COVID, глядзім у будучыню. нам гэта спатрэбіцца ў гэтым ашалелым свеце", - упэўнены Лукашэнка.
Пры гэтым ён адзначыў, што, нягледзячы на вялікі кошт падобных распрацовак, гэта трэба зрабіць, інакш "будзем плаціць у дзясяткі разоў больш за чужую вакцыну ў будучыні".
Раней прэзідэнт заяўляў, што на стварэнне беларускай вакцыны ад каронавіруса можа сысці каля пяці мільёнаў рублёў. На яго думку, неабходныя для такой працы спецыялісты ў Беларусі ёсць.
Па планах, айчынны прэпарат супраць COVID-19 у Беларусі павінен з'явіцца ў наступным годзе, яго распрацоўкі ўжо вядуцца.
З тым, што адбываецца падчас Усебеларускага народнага сходу, знаёмцеся ў матэрыяле Sputnik.
Чытайце таксама:
- Краіны ЕАЭС наладзяць сумесную вытворчасць расійскай вакцыны
- Якой будзе беларуская вакцына ад каронавіруса? Запыталіся ў навукоўцаў
- Расія падзеліцца тэхналогіяй вытворчасці вакцын з іншымі краінамі