МІНСК, 19 лют – Sputnik. Адміністрацыя ЗША увяла забарону на выдачу амерыканскіх віз 43 грамадзянам Беларусі, паведамляецца ў заяве дзяржсакратара Энтані Блінкена. Дакумент апублікаваны на сайце Дзярждэпартамента.
Як удакладняе ведамства, абмежаванні ўвялі ў адносінах да асоб, "якія падрываюць дэмакратыю ў сваёй краіне". Ім забаронены ўезд на тэрыторыі Злучаных Штатаў Амерыкі.
У заяве Блінкена гаворыцца, што Вашынгтон па-ранейшаму занепакоены тым, што ўлады Беларусі "працягваюць душыць акцыі мірных дэманстрантаў, прымаюць меры супраць актывістаў, якія заклікаюць да дэмакратыі, а таксама - супраць журналістаў".
Хто трапіў у санкцыйны спісак?
У Дзярждэпе растлумачылі, хто трапіў пад санкцыі амерыканскага ўрада. Гэта высокапастаўленыя чыноўнікі са сферы юстыцыі, камандуючыя і радавыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія "здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да мірных дэманстрантаў".
Таксама санкцыі закранулі некаторых суддзяў, супрацоўнікаў пракуратуры і работнікаў адукацыйных устаноў.
Не першыя санкцыі
Нагадаем, што ЗША ужо ўводзілі візавыя абмежаванні супраць грамадзян Беларусі. За мінулы год - двойчы. У агульнай складанасці ў "чорны спісак" трапілі 66 чалавек.
У пачатку кастрычніка 2020 года Дзярждэп абмежаваў уезд на тэрыторыю ЗША 8 беларускім афіцыйным асобам. У спіску быў тагачасны кіраўнік МУС Юрый Караеў, а таксама супрацоўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі.
23 снежня спісак быў пашыраны. Як паведамляў Мінфін ЗША, у яго ўключылі адну прыватную асобу і чатыры арганізацыі, а менавіта: першага намесніка кіраўніка МУС Генадзя Казакевіча, работнікаў Цэнтрвыбаркама, супрацоўнікаў ГУУС Мінска, мінскага атрада АМАП, а таксама спецназа КДБ "Альфа".
У той жа дзень Дзярждэпартамэнт абмежаваў уезд 39 беларускіх грамадзян, датычных, на думку Вашынгтона, да "падрыву беларускай дэмакратыі".
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн яшчэ ў лістападзе паведаміў, што мае намер пашырыць санкцыйны спісак супраць акружэння кіраўніка Беларусі, а таксама заклікаў "замарозіць афшорныя рахункі, дзе яны трымаюць сваё скрадзенае багацце".
У снежні мінулага года сенат ЗША ўхваліў законапраект "Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі" і ўключыў яго ў праект бюджэту на 2021 год. Дакумент пашырае паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША у адносінах да асоб з Беларусі, якія, на яго думку, датычныя да падаўлення пратэстаў у краіне.
Санкцыі Еўрасаюза
17 снежня ЕС зацвердзіў трэці пакет санкцый у дачыненні да некаторых беларускіх грамадзян і кампаній. Як заяўлялі ў Еўракамісіі, у сувязі з "працягам рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці". У спісак ўнеслі яшчэ 29 прозвішчаў і 7 прадпрыемстваў. Да новых санкцый далучылася Вялікабрытанія.
Як адказаў Мінск?
Беларусь адказала люстрана на санкцыі, пашырыўшы свой забаронены спісак. Цяпер многія палітычныя дзеячы Еўрасаюза не могуць трапіць не толькі на тэрыторыю Беларусі, але і Саюзнай дзяржавы, гэта значыць ім забаронены ўезд і ў Расію.
Прозвішчы не называліся, аднак акрамя санкцый у дачыненні да канкрэтных асоб, беларускія ўлады абмежавалі дзейнасць палітычных фондаў, гуманітарных і адукацыйных праграм, якія праходзяць пад ініцыятывай дыпмісій заходнееўрапейскіх дзяржаў.
Чытайце таксама:
- Галоўчанка: санкцыі супраць Беларусі - гэта непрыкрыты ціск на краіну
- Работнікі санаторыя "Беларусь" у Друскінінкаі адмовіліся сыходзіць з працы
- Макей выказаўся аб антыдзяржаўнай дзейнасці некаторых паслоў ЕС