МІНСК, 20 сак – Sputnik. Біяметрычныя пашпарты пачнуць выдаваць беларусам з 1 верасня 2021, адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Новае пакаленне асабістых дакументаў для грамадзян Беларусі будзе прадстаўлена ў двух узорах - ідэнтыфікацыйнае пасведчанне і біяметрычны пашпарт: ID-карты заменяць стандартныя пашпарты на тэрыторыі краіны, а вось біяметрычныя пашпарты ўводзяцца для паездак за мяжу.
Адзначаецца, што выкарыстанне біяметрычных дакументаў дазволіць цалкам аўтаматызаваць працэдуру ідэнтыфікацыі асобы і спрасціць праходжанне пашпартнага кантролю пры перасячэнні мяжы.
Па знешнім выглядзе ID-карта нагадвае вадзіцельскае пасведчанне. На ёй будзе зазначана асноўная асабістая інфармацыя грамадзяніна і размешчана фатаграфія, больш пашыраныя дадзеныя - у асабістым анлайн-кабінеце, яны будуць счытвацца з дапамогай спецыяльнага тэрмінала.
На ID-карце будзе размешчаны таксама электронны лічбавы подпіс уладальніка - яго атрымліваюць на 10-гадовы тэрмін разам з асабістым кабінетам і новым дакументам. Кабінет з моманту стварэння (або нараджэння чалавека) будзе неактыўным, пакуль яго не актывуюць з дапамогай ID-карты.
Нарада па ўкараненні біяметрычных пашпартоў у Беларусі прайшла ў канцы студзеня ў прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў увядзенне новых дакументаў у краіне, аднак даручыў дапрацаваць асобныя моманты. Першапачаткова меркавалася, што пашпарты пачнуць выдаваць з 30 красавіка 2021 года.
У гэтым годзе будзе выдадзена каля 800 тысяч картак і 300 тысяч біяметрычных пашпартоў. Сённяшні дзеючы пашпарт будзе сапраўдны да тэрміну яго заканчэння, мяняць яго з-за ўвядзення біяметрычных дакументаў неабходнасці няма. У выпадку звароту грамадзяніна ў 2021 годзе з заявай пра страту пашпарта яму будзе выдавацца ID-карта.
За выдачу ідэнтыфікацыйнай карты трэба будзе заплаціць 1,5 базавай велічыні (43,5 рублёў), біяметрычнага пашпарта - 2 базавыя (58 рублёў).
Чытайце таксама:
- Кіраўнік МУС: усё гатова, каб пачаць выдачу біяметрычных пашпартоў
- Лукашэнка пра ID-карты: беларусы павінны атрымаць магчымасці, а не праблемы
- "Я дастаю з шырокіх калашын": беларусы атрымаюць біяметрычныя дакументы