МІНСК, 22 сак – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб планах па канстытуцыйнай рэформе, але "ніхто нікому нічога не абяцаў", пра гэта заявіў у панядзелак прэс-сакратар кіраўніка расійскай дзяржавы Дзмітрый Пяскоў.
"У іх (Лукашэнкі і Пуціна - Sputnik) былі абмеркаванні. Гаворка ідзе не пра абяцанні. Гаворка ідзе пра тое, што прэзідэнт Лукашэнка інфармаваў прэзідэнта Пуціна аб далейшых планах, у тым ліку і па канстытуцыйнай рэформе", - сказаў Пяскоў.
Ён таксама падкрэсліў, што канстытуцыйная рэформа - унутраная справа Беларусі.
Гутарка з Пуціным
Пры наведванні ў мінулую пятніцу прадпрыемства "Малочны Мір" Лукашэнка адзначыў, што тэма рэформы Асноўнага дакумента на перамовах з Пуціным не закраналася.
"У апошні час, калі пайшла канстытуцыйная рэформа, камісія працуе, усе пачалі там пісаць: Лукашэнка паабяцаў Пуціну канстытуцыйную рэформу. Я ніколі нікому нічога не абяцаў, акрамя вось вас - уласнага народа", - заявіў ён і дадаў, што расійскі калега мог толькі пацікавіцца яго думкамі на гэты конт, а пытанне закраналася толькі ў агульных рысах.
Канстытуцыйныя змяненні
Першае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі адбылося 15 сакавіка, днём пазней прэзідэнт падпісаў указ, згодна з якім быў пашыраны яе склад.
Камісія будзе займацца распрацоўкай прапаноў па змяненнях у Асноўны закон і забеспячэннем іх ўсенароднага абмеркавання. Да 1 жніўня кіраўніку дзяржавы павінны быць прадстаўлены прапановы па змяненні Канстытуцыі, далей іх вынесуць на рэспубліканскі рэферэндум.
У складзе камісіі - 36 чалавек, яе ўзначальвае старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч. Намеснікі - старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. У камісію ўвайшлі члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, рэальнага і фінансавага сектараў эканомікі, грамадскіх аб'яднанняў, навукі і адукацыі, культуры і спорту.
Канстытуцыя ў сучаснай Беларусі была прынята 15 сакавіка 1994 года Вярхоўным саветам, далей Асноўны закон змяняўся на рэферэндумах у 1996 і 2004 гадах. Чарговая тэма змены Канстытуцыі наспела на фоне ўнутрыпалітычнага крызісу ў краіне, які паўстаў пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў.
Чытайце таксама:
- Склад пашыраны: Лукашэнка падпісаў указ аб Канстытуцыйнай камісіі
- Лукашэнка расказаў аб рабоце камісіі над змяненнямі ў Канстытуцыі
- Рэформа Канстытуцыі: ці з'явіцца новы Асноўны закон у Беларусі ў гэтым годзе?