МІНСК, 23 сак – Sputnik. Беларуская чыгунка ўводзіць традыцыйны бонус для пенсіянераў. З 1 траўня ім будзе прадастаўлена зніжка ў 50% на праезд у электрычках і дызель-цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа, паведамляе Беларуская чыгунка.
Палёгка, абумоўленая перыядам сезонных сельскагаспадарчых работ, будзе дзейнічаць па 31 кастрычніка.
Гэта прадугледжана ўказам №176 ад 29 красавіка 2011 года "Аб дзяржаўнай падтрымцы пенсіянераў" (у рэдакцыі ад 6 ліпеня 2020 года).
Для таго, каб купіць квіток са зніжкай, трэба прад'явіць арыгінал пенсіённага пасведчання. Таксама гэты дакумент неабходна мець пры сабе падчас паездкі.
"Звяртаем увагу, што прадастаўленне гэтай ільготы не прадугледжваецца пры праездзе ў цягніках рэгіянальных ліній бізнес-класа і міжрэгіянальных ліній (з нумараванымі месцамі), а таксама пры праездзе ў цягніках гарадскіх ліній", - паведамілі ў БЧ.
Ільготныя праязныя дакументы пенсіянеры па ўзросце могуць аформіць у білетных касах, а таксама на сайце, з дапамогай мабільнага прыкладання "БЧ. Мой цягнік" і праз тэрміналы самаабслугоўвання.
Улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю, Беларуская чыгунка рэкамендуе выкарыстоўваць дыстанцыйныя каналы продажаў.
Аб тарыфах на перавозку пасажыраў
Нагадаем, у снежні мінулага года цана за праезд на чыгуначным транспарце ў Беларусі была павялічана.
Адпаведнае рашэнне было вызначана пастановай Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання (МАРГ).
Былі ўстаноўлены новыя тарыфы на перавозкі пасажыраў унутры краіны.
Да гэтага павелічэнне тарыфаў адбылося ў снежні 2019 года. У МАРГ растлумачылі, што тарыфы пераглядаліся для падтрымання акупнасці пасажырскіх перавозак на чыгунцы. Паводле інфармацыі МАРГ, насельніцтва пакрывае толькі 15% выдаткаў чыгункі на перавозкі, з бюджэту яны не субсідзіруюцца.
Сёння цана праезду, да прыкладу, з Мінска ў Фаніпаль складае 57 капеек, у Заслаўе - ад 68 капеек да 1 рубля 5 капеек, у Пухавічы - 1 рубель 50 капеек, у Койданава - 90 капеек, у Маладзечна - 1 рубель 80 капеек, у Оршу - 4 рублі 71 капейку.
Чытайце таксама:
- Парады для дачніка: як апрацоўваць дрэвы ў садзе вясной?