МІНСК, 24 сак – Sputnik. Дэпутаты прыступілі да працы над праектам закона аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму, таксама у хуткім часе паступіць праект закона аб узмацненні жорсткасці пакарання за экстрэмізм.
Плануецца, што на вясновай сесіі дэпутацкі корпус разгледзіць дадзеныя законапраекты. Сесія ніжняй палаты беларускага парламента адкрыецца 2 красавіка.
"На вясновай сесіі мы разгледзім законапраекты, накіраваныя на недапушчэнне гераізацыі нацызму і супрацьдзеянне экстрэмізму", - заявіў спікер ніжняй палаты беларускага парламента Уладзімір Андрэйчанка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Змяненні ў заканадаўства распрацоўвала Генеральная пракуратура. Падрыхтавана новая рэдакцыя закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". Згодна з праектам закона, міліцыі і КДБ прадастаўлены паўнамоцтвы па прызнанні груп грамадзян экстрэмісцкімі фарміраваннямі і забароне іх дзейнасці.
Таксама пракурор, органы дзяржбяспекі і ўнутраных спраў атрымаюць права пры выяўленні прыкмет экстрэмісцкіх дзеянняў выносіць прадпісанні заснавальнікам і кіраўнікам арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам пры адсутнасці падстаў для прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці.
Акрамя таго, калі закон прымуць, МУС будзе весці пералікі арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Праектам закона прапануецца пашырыць паняцце "экстрэмісцкія матэрыялы": да іх будуць аднесены не толькі інфармацыйная прадукцыя, але і сімволіка, атрыбутыка, прызначаныя для экстрэмісцкай дзейнасці і яе прапаганды.
Дэпутатам трэба будзе разгледзець і іншыя прапановы аб узмацненні адказнасці за экстрэмізм.
Парламент таксама сумесна з Генпракуратурай распрацаваў праект закона "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму". У ім вызначаны прынцыпы і механізмы процідзеяння рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, прафілактычныя меры па недапушчэнні такіх дзеянняў, ідзе гаворка пра ўзмацненне адказнасці за падобныя дзеянні.
Чытайце таксама:
- Швед пра новы закон аб экстрэмізме: будзе не больш жорсткі, чым у Заходняй Еўропе
- Беларусаў хочуць пазбаўляць грамадзянства за дачыненне да экстрэмізму
- СК Беларусі паведаміў, колькі расследуе крымінальных спраў экстрэмісцкай скіраванасці