МІНСК, 31 сак – Sputnik. У сталіцы ўзмоцняць кантроль за выкананнем ахоўных мер ад каронавіруса, паведамляе прэс-служба Мінгарвыканкама ў сваім Telegram-канале.
Гэта звязана з досыць высокімі паказчыкамі захворвання на каронавірус, а таксама частымі выпадкамі парушэння рэжыму ахоўных мер. Санітарныя службы асаблівую ўвагу звернуць на аб'екты гандлю і грамадскага харчавання. Там усё часцей не выконваюць масачны рэжым, не прымаюць дастатковыя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.
"Таму з 31 сакавіка адміністрацыі раёнаў горада, профільныя гарадскія службы пачынаюць паўсюдны маніторынг аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання", - заявіла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Мінска Святлана Ярмак.
Яна нагадала, што масачны рэжым распаўсюджваецца як на работнікаў сферы гандлю і грамадскага харчавання, так і на саміх наведвальнікаў.
За такія парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці будуць прыцягваць уладальнікаў суб'ектаў гаспадарання, а працу аб'ектаў прыпыняць да ўстаранення заўваг.
Галоўны санітарны ўрач Мінска таксама нагадала, што з адкрыццём летніх веранд у кафэ і рэстаранах прафілактычныя мерапрыемствы распаўсюдзяць і на гэтыя часовыя збудаванні. Улады горада будуць дазваляць усталёўваць тэрасы толькі тых аб'ектаў грамадскага харчавання, якія выконваюць усе супрацьэпідэмічныя меры.
У Мінску сёння функцыянуе больш за 11,5 тысяч гандлёвых аб'ектаў. Паколькі гараджане наведваюць крамы практычна штодня, там асабліва важна выконваць меры прафілактыкі распаўсюджвання COVID, нагадалі ў мэрыі.
Масачны рэжым у краіне
Па ўсёй краіне выкарыстанне індывідуальных ахоўных масак з мэтай прадухілення распаўсюджвання каронавіруса стала абавязковым з 18 лістапада.
Раней у Міністэрстве аховы здароўя заяўлялі, што карыстацца маскамі беларусам прыйдзецца да таго часу, пакуль не скончыцца пандэмія каронавіруса.
Чытайце таксама:
- Дзяржкамваенпрам зоймецца вытворчасцю СІА
- Здымаем маскі: калі скончыцца абавязковы масачны рэжым?
- Пракуроры пачалі правяраць выкананне масачнага рэжыму ў Беларусі